Украінскі дыпламат: Для пераносу перамоваў з Мінска трэба згода ўсіх бакоў

19/11/2018 - 13:58

Украінскія дыпламаты неаднойчы прапаноўвалі Беларусі дзейнічаць разам у міжнародных арганізацыях, але афіцыйны Мінск мае свае погляды. Так намеснік міністра замежных спраў Украіны Васіль Боднар пракаментаваў для Еўрарадыё нядаўняе галасаванне ў ААН наконт парушэння правоў чалавека ў Крыме. 

Як паведамляла Еўрарадыё, беларуская дэлегацыя прагаласавала супраць гэтай рэзалюцыі — разам з Расіяй і яшчэ 24 краінамі. 

"Галасаванне ў ААН не ідзе ў логіку з афіцыйнай пазіцыяй Мінска наконт прызнання тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і наконт таго, што Беларусь не прызнае акупацыю часткі тэрыторыі Украіны Расійскай Федэрацыяй", — адзначыў украінскі дыпламат. Разам з тым ён нагадаў, што Беларусь — суверэнная дзяржава і мае права самастойна прымаць рашэнні. 

Гаворачы пра магчымасць пераносу з Мінска перамоваў наконт Данбасу, Боднар падкрэсліў, што гэта геаграфічна зручная пляцоўка — блізкая да Кіева і Масквы. Да таго ж для змены такой пляцоўкі патрэбная згода ўсіх бакоў перамоваў. 

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, як афіцыйны Кіеў ставіцца да версіяў у СМІ, быццам Расія можа ўварвацца ва Украіну праз тэрыторыю Беларусі. "Прэзідэнт Беларусі запэўніў прэзідэнта Украіны ў тым, што мяжа паміж Беларуссю і Украінай будзе мяжой міру і ўзаемапаразумення. Мы гэта ўлічваем як палітычны сігнал", — патлумачыў Боднар. 

Па яго словах, прамых пагрозаў няма, хаця тэарэтычна такая магчымасць існуе. Па-першае, Беларусь з'яўляецца часткай Саюзнай дзяржавы з Расіяй. Па-другое, Беларусь з'яўляецца часткай АДКБ. Па-трэцяе, частка ўзбраенняў і вайсковай тэхнікі, завезеная ў Беларусь у рамках вучэнняў, можа ўяўляць пэўную пагрозу. Вайсковыя эксперты, кажа Боднар, улічваюць усе магчымасці.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся, ці ёсць ва Украіны статыстыка па ўкраінскіх грамадзянах, якія ўцяклі ад вайны ў нашу краіну. Беларускія чыноўнікі заяўляюць у СМІ пра 160 тысяч украінскіх бежанцаў, аднак статыстыка Дэпартамента па грамадзянсве і міграцыі дае значна меншыя лічбы.
 
Васіль Боднар адзначыў важнасць таго факту, што Беларусь прытуліла грамадзян Украіны ў цяжкі 2014 год. Што датычыць лічбаў, кажа дыпламат, дык хутчэй за ўсё ідзе гаворка пра колькасць людзей, якія перасяклі ўкраінска-беларускую мяжу ў 2014 годзе — хутчэй за ўсё, менавіта адтуль бярэцца лічба ў 160 тысяч чалавек. 

"На нашыя запыты мы не атрымалі дакладнай колькасці грамадзян Украіны, якія пражываюць у Беларусі, або пацвярджэння гэтай лічбы. З іншага боку, лічбы, якія сёння дэманструюцца, — гэта 30-40 тысяч грамадзян Украіны, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Гэта адлюстроўвае, напэўна, рэальную карціну па стане на гэты год. Бо лічбы 140-160 тысяч браліся за 2014 год", — патлумачыў дыпламат.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі