Украінская Нацпаліцыя мае новую версію забойства Паўла Шарамета

14/03/2017 - 14:57

Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Украіны Сяргей Князеў распавёў пра новую версію ў забойстве вядомага журналіста беларускага паходжання Паўла Шарамета.

Тое, што забойства Шарамета дагэтуль не раскрытае, Князеў патлумачыў тым, што яго ўчынілі людзі, "якія вельмі старанна да яго падрыхтаваліся і максімальна зменшылі колькасць сваіх памылак", перадае tut.by. Кіраўнік Нацпаліцыі не змог уцямна патлумачыць, чаму праваахоўнікі не могуць знайсці забойцаў, калі гэтых людзей знялі відэакамеры.

Князеў паведаміў, што Нацпаліцыя ў ліку іншых версіяў разглядае датычнасць да забойства байцоў Нацгвардыі. Як сведчаць судовыя матэрыялы, паліцыя прасіла доступ да тэлефанаваняў, зробленых з месца размяшчэння базы палка "Азоў".

Таксама кіраўнік Нацпаліцыі заявіў, што інфармацыю следчым даводзіцца збіраць па драбнюткіх дэталяў.

Сёлета ў лютым кіраўнік МУС Украіны Арсен Авакаў заяўляў аб "руцэ Крамля" ў забойстве Паўла Шарамета. Таксама тады гаварылася пра верагоднасць "беларускага следу" ў злачынстве.

Павел Шарамет быў узарваны ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева зранку 20 ліпеня 2016 года. Пахавалі журналіста на радзіме, у Мінску — на Паўночных могілках.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі