Баі ў Аўдзееўцы
Украінская армія, верагодна, пакідае горад Аўдзееўка ў Данецкай вобласці, піша ВВС са спасылкай на паведамленні вайсковых блогераў. Медыя прыводзіць словы ўкраінскага вайсковага журналіста Багдана Мірошнікава. "У Аўдзееўцы жыццё і здаровы сэнс перамаглі", — напісаў ён у чацвер увечары.
"Далей будуць новыя цяжкія рашэнні і навіны. Наш гарнізон застаецца ў 9-м квартале і на АКХЗ. У іншых частках — недзе выйшлі, недзе вядзём баі. Але тэндэнцыя, думаю, зразумелая", — зазначыў таксама Мірошнікаў. АКХЗ — гэта Аўдзееўскі коксахімічны завод, ён знаходзіцца на паўночнай ускраіне горада. 9-ы квартал — заходняя ўскраіна. Праз гэты раён ідзе апошні шлях адыходу з горада, зазначае ВВС.
Прэс-аташэ 3-й асобнай штурмавой брыгады УСУ Аляксандр Барадзін напярэдадні казаў, што некаторыя ўкраінскія падраздзяленні ў Аўдзееўцы фактычна апынуліся ў акружэнні, "працуюць на 360 градусаў".
"Гэта значыць […] вораг можа на некаторых участках паражаць амаль поўнасцю на 360 градусаў. Гэта не гаворыць, што мы цалкам акружаны на гэтых участках, але гэта значыць, што паражаць ён можа", — сказаў Барадзін.
Камандуючы ўкраінскай групоўкі "Таўрыя" (менавіта яна дзейнічае на гэтым фронце) брыгадны генерал Аляксандр Тарнаўскі пісаў гэтай ноччу, што па стане на 23 гадзіны 15 лютага сітуацыя ў Аўдзееўцы была "складаная, але кантраляваная". Паводле яго слоў, у горадзе працягваюцца баі, гарнізон трымаецца. Яму адпраўлены падмацаванне і боепрыпасы. Але Тарнаўскі дапусціў і развіццё сцэнара, пры якім украінскія падраздзяленні вымушаныя будуць адступіць.
"Падрыхтаваны новыя пазіцыі і працягваюць рыхтавацца магутныя ўмацаванні з улікам магчымых сцэнарыяў […] Мы цэнім кожны кавалак украінскай зямлі, але найвышэйшая каштоўнасць і прыярытэт для нас — захаванне жыцця ўкраінскага салдата", — сказаў генерал.
Аўдзееўка знаходзіцца за 30 кіламетраў на поўнач ад Данецка. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны гарнізон Аўдзееўскага ўмацаванага раёна доўгі час паспяхова адбіваў расійскія спробы прасунуцца на гэтым напрамку. У пачатку кастрычніка расійская армія пачала тут масіраваны наступ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут