Украінка, якую вывезлі з Беларусі / t.me/dmytro_lubinetzs
Украінскую грамадзянку, якая знаходзіцца ў цяжкім стане, вярнулі з Беларусі на радзіму. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале расказаў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Дзмітро Лубінец.
Ён адзначыў, што зварот аб дапамозе паступіў у офіс амбудсмена раней: у ім гаварылася пра жанчыну, якая аказалася ў вельмі складаных жыццёвых абставінах за мяжой. Два гады таму ўкраінка атрымала цяжкія траўмы, калі звалілася з шостага паверха жылога дома. Пасля ёй зрабілі некалькі хірургічных аперацый у беларускіх медустановах.
Жанчына доўга была далёка ад сям'і, не мела належнай падтрымкі блізкіх і апынулася ў складаных жыццёвых умовах. Усё гэта негатыўна адбілася не толькі на фізічным, але і на псіхалагічным стане ўкраінкі. Ёй патрабавалася далейшае лячэнне, рэабілітацыя і аднаўленне ў атачэнні родных.
6 сакавіка жанчыну перавезлі на тэрыторыю Украіны, дзе яна змагла ўз'яднацца з сям'ёй і працягнуць неабходнае лячэнне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут