Украінка: Трэба адчуць сябе свабодным, а не проста святкаваць Дзень Незалежнасці

24/08/2016 - 07:28

У мірнай і стабільнай Беларусі Дзень Незалежнасці ўжо адсвяткавалі, а Украіна да яго толькі рыхтавалася. Якраз у гэты прамежак "міжсвяткавання" я прыехаў у Кіеў. Стала цікава: як да незалежнасці сёння ставяцца ўкраінцы — калі на ўсходзе краіны ідзе вайна, а Крым анексаваны Расіяй?

Кацярына Валецкая, валанцёрка батальёна "Айдар": Давайце, кожны пераможа сам сябе

Праходзячы па Майдане Незалежнасці, звяртаю ўвагу на жанчыну ў камуфляжы, якая развешвае сцягі Украіны і "Правага сектара" ўздоўж вуліцы Інстытуцкай. Падыходжу, знаёмлюся. Жанчына з суровым позіркам — Кацярына Валецкая, валанцёрка батальёна "Айдар". Сцягі — атрыбут і сімвал "Вялікага ўкраінскага ходу". Іх нясуць праз усю краіну і сёння на адзін дзень вывешваюць у Кіеве. Пытаюся пра яе разуменне незалежнасці.

"Мы пакуль не незалежныя, мы пакуль — нявольныя. Чулі, як у царкве кажуць: што мы рабы Божыя? А я кажу: "Не, я не раб, я — Божае дзіця, я — вольнае дзіця". Так, у нас пакуль няма незалежнасці, няма яе пакуль і ў вас, у Беларусі. Але калі разбурыўся Савецкі Саюз, мы атрымалі надзею на свабоду, на незалежнасць. Людзі, якія знаходзяцца ва ўладзе і ў нас, і ў вас, і ў іншых краінах, — гэта страшныя людзі. Яны хочуць аднаго — кіраваць намі, зрабіць нас рабамі. Але сонца праўды ўзышло тут, на Майдане, і яно аб'яднае ўсіх людзей. Таму мы пакуль што не незалежныя, але мы змагаемся за сваю незалежнасць. А тыя, хто кажа, што, магчыма, нам і не патрэбная тая незалежнасць, проста не ведаюць, што значыць быць свабодным чалавекам. Ведаеце, як кажуць: "Рабоў у рай не пускаюць". І я ведаю адно: перш чым змагацца з нашым Парашэнкам, вашым Лукашэнкам, іх Пуціным і кім там яшчэ — давайце кожны пераможа сам сябе. Мы павінны стаць свабоднымі, а для гэтага нам і патрэбная наша незалежнасць. Таму што пачынаць змяняць свет мы павінныя з сябе".

Алекс Пятроў, вайсковец: Напэўна, і нічога не набылі. Дваццаць тры гады змарнаваныя

Алекс Пятроў служыць у мотапяхотным батальёне. Мы з ім былі знаёмыя завочна, праз сацсеткі, але мой прыезд у Кіеў даў магчымасць "развіртуаліцца" і пагаварыць.

Я нарадзіўся і вырас у Савецкім Саюзе. У свой час зусім абыякава прыняў навіну пра абвяшчэнне незалежнасці Украіны. У нас так трывала сядзела савецкае выхаванне, што сама думка пра нейкую там незалежнасць была чужая апрыёры. Ды і праз пару дзясяткаў гадоў вельмі многія ўкраінцы, і я ў тым ліку, лічылі сябе проста "людзьмі з сінім пашпартам" (колер пашпарта грамадзяніна Украіны). Вайна 2014 года змяніла нашу свядомасць. І цяпер менавіта ў гэты час ідзе зараджэнне ўкраінскай нацыі. Людзей, якія дзеля свабоды, дзеля сваёй краіны і міру на яе зямлі гатовыя на ўсё.

Мне цяжка адказаць, што мы страцілі ў выніку Незалежнасці. У тыя гады СССР дыхаў на ладан, ад велічы нічога не засталося. Так, напэўна, і нічога не набылі. Дваццаць тры гады змарнаваныя. Кожнай краіне і кожнаму народу патрэбны штуршок, каб зразумець, хто яны і чаго вартыя.

Алекс Пятроў

Наогул, вайна в Украіне і для нас, і для беларускага народа ёсць экзаменам па пераацэнцы каштоўнасцяў. Бог павінен узяць у душах людзей верх над д'яблавымі грашыма.

Калі гэта адбудзецца? Няхутка. Нават сярод ну вельмі патрыятычных валанцёраў і людзей, якія заслугоўваюць мець сваю дзяржаву, сустракаецца шмат агностыкаў. Ну, ці атэістаў. Няма пераважнай большасці ў элементарна важных пытаннях. Напрыклад, мовы. Ёсць жа прыклад Беларусі! І ёсць прыклад краін Балтыі.

З развалам д'ябальскага Савецкага Саюза мы страцілі ілюзіі, што ўсё можа каштаваць капейкі. Гэта добра. Жывем без ружовых акуляраў.

Юрко Друзь

Яўгенія Вірліч — літаратурны менеджар: "Незалежнасць — гэта і рызыка"

У чаканні сустрэчы з украінскім калегам-журналістам заходжу ў кнігарню: хутка вяртацца ў Мінск, было б нядрэнна купіць што-небудзь пачытаць у дарогу. Але што? Ля стэнда з навінкамі ўкраінскай літаратуры стаіць жанчына і праглядае выстаўленыя на паліцах кнігі з выглядам знаўцы. Пачынаем размову з сучасных украінскіх аўтараў, а заканчваем незалежнасцю.

З незалежнасцю Украіна атрымала шмат магчымасцяў — гэта галоўнае, а страціла... груз татальнага пераследу. Толькі гэтымі магчымасцямі трэба правільна скарыстацца, а савецкая ўлада навучыла многіх чакаць "моцнай рукі", а не імкнуцца да нечага самастойна. Жыхары Савецкага Саюза прывыклі да ўяўнай стабільнасці — для шматлікіх яна аказалася даражэйшай, чым магчымасці, якія дорыць незалежнасць. Незалежнасць — гэта і рызыка: рызыка застацца без грошай, рызыка не атрымаць чаканага, аднак і поўная свабода дзеянняў, свабода выбару, магчымасць пачынаць спачатку і дамагацца большага.

Яўгенія Вірліч

"Для мяне незалежнасць Украіны — гэта выдатная магчымасць быць самой сабой, свабоднай ад стэрэатыпаў, любіць сваю краіну і працаваць на яе карысць. Не ведаю, была б вайна ў залежнай Украіне ці не. Гэтая вайна, як на мяне, — вынік дамінавання "саўковага" мыслення над мысленнем прагрэсіўным. Як у Святланы Алексіевіч — дамінаванне "чырвонага чалавека". Вайна і акупацыя пачаліся менавіта з савецкіх лозунгаў і спробы вярнуць так званыя савецкія "каштоўнасці". Яна скончыцца тады, калі мы адчуем сябе свабоднымі, а не проста будзем святкаваць Дзень Незалежнасці".

Фота з архіваў Алекса Пятрова, Андрэя Чмеля, Юрко Друзя, Яўгеніі Вірліч

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі