Святлана Ціханоўская і Андрэй Сібіга, архіўнае фота / прэс-служба Ціханоўскай
Украіна заклікае ўзмацніць санкцыі на рэжым Лукашэнкі за саўдзел у расійскай агрэсіі. З такім заклікам на палях генасамблеі ААН выступіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.
Заклік прагучаў падчас міністэрскай сустрэчы "Беларусь: саўдзельніца вайны Расіі супраць Украіны і пагроза міжнароднай бяспецы", паведамляе МЗС Украіны. У гэтай сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі еўрапейскіх структур, знешнепалітычных ведамстваў Ірландыі, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, а таксама Святлана Ціханоўская і галоўны выканаўчы дырэктар Freedom House Джэймі Флай.
"Расійскія ракеты не робяць выключэнняў, калі забіваюць цывільных ва Украіне. Таму не можа быць выключэнняў і ў ціску на іх — ні для расійскіх алігархаў, ні для беларускіх рэсурсаў", — падкрэсліў Сібіга.
Ён нагадаў, што беларуская тэрыторыя, вайсковая інфраструктура і рэсурсы працягваюць выкарыстоўвацца для расійскай агрэсіі. Беларусь пастаўляе кампаненты і матэрыялы для расійскай ваеннай прамысловасці, паглыбляе вайсковую інтэграцыю з Масквой.
На думку Сібігі, рэжым Лукашэнкі не мае суб'ектнасці і спалучаны з расійскім рэжымам. Ён нагадаў пра гібрыдныя пагрозы з тэрыторыі Беларусі, у тым ліку выкарыстанне міграцыі для дэстабілізацыі межаў ЕС і правядзенне вайсковых вучэнняў каля Сувальскага калідору.
Акрамя таго Сібіга падзякаваў Святлане Ціханоўскай і дэмакратычным сілам за падтрымку Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут