Украіна хоча спыніць імпарт энергіі з Беларусі, але ніяк не можа наважыцца

01/02/2021 - 12:07
Беларуская АЭС / Еўрарадыё

Камітэт па пытаннях энергетыкі і ЖКП Украіны прагаласаваў за праект закона аб забароне імпарту беларускай і расійскай электраэнергіі. Да гэтага ва Украіне ўжо дзейнічалі абмежаванні на імпарт электраэнергіі з Беларусі — але 1 студзеня былі знятыя. І беларуская электрычнасць адразу пацякла праз мяжу.

Еўрарадыё разабралася, чаму Украіна зноў пачала купляць беларускую электраэнергію, што кажуць прыхільнікі працягу абмежаванняў і як аргументуюць сваю пазіцыю тыя, хто бачыць у гэтым толькі бізнес.

Украіна ўжо імпартуе энергію і з Беларусі, і з Расіі / Еўрарадыё

Па словах кіраўніцы камунікацый аператара сістэмы перадачы электраэнергіі "Укрэнерга" Марыі Цатуран, цяперашняе рашэнне камітэта — пакуль толькі заканадаўчая ініцыятыва. Значыць, пакуль што беларуская электраэнергія, у тым ліку з Астравецкай АЭС, сапраўды можа паступаць ва Украіну.

У той жа час прагнозны баланс электраэнергіі ва Украіне на 2021 год зусім не прадугледжваў імпарту з Беларусі.

— Таму гэта і прагнозны баланс, — кажа Марыя Цатуран. — Апошнія два тыдні ў нас вельмі моцна вырасла спажыванне [электраэнергіі. — Еўрарадыё] ў сувязі з пагаршэннем надвор'я. І адпаведна, калі нам не хапае ўласнай генерацыі, мы імпартуем.

Украіна можа нарошчваць імпарт электраэнергіі праз нізкія запасы вугалю / Reuters

"Я не ўпэўнены, якая краіна больш дэмакратычная: Беларусь ці Казахстан"

 

Раней міністр замежных спраў Украіны Зміцер Кулеба заявіў, што гандляваць з Беларуссю можна, нягледзячы на парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне.

— Мой адказ — можна, гэта мая прынцыповая пазіцыя. Украіна заняла вельмі жорсткую пазіцыю пасля пачатку пратэстаў у Беларусі ... Усё, што мы робім на гэтым шляху, — гэта ўсё тактыка, але стратэгія застаецца нязменнай. Урэшце мы адрэжамся ад энергасістэм Беларусі і Расійскай Федэрацыі, — сказаў Зміцер Кулеба тэлеканалу "Україна 24".

Ва "Укрэнерга" па гэтым пытанні кажуць, што як сістэмны аператар кампанія будзе выконваць сваю функцыю.

— Гэта, перш за ўсё, захаванне балансу паміж попытам і спажываннем і забеспячэнне энергасістэмы краіны. Вядома ж, мы кіруемся кодэксам сістэмы перадачы, правілам рынку, нарматыўна-прававымі актамі нашага нацыянальнага рэгулятара і законамі Украіны.

Чыноўнікі спрачаюцца: браць вугаль з Казахстана або электрычнасць з Беларусі / Reuters

Хоць Камітэт па пытаннях энергетыкі і ЖКП Украіны большасцю галасоў вырашыў забараніць імпарт, на пасяджэнні думкі падзяліліся. Частка прадстаўнікоў камітэта гаварыла пра неабходнасць абароны ўкраінскай вугальнай прамысловасці. Іншыя адзначаюць, што ў выпадку надзвычайных сітуацый, як з халадамі ў сярэдзіне студзеня, беларуская электраэнергія можа спатрэбіцца.

— Чым у нас цяпер запаўняецца дэфіцыт? Да нас едзе вугаль, антрацыт, з Расійскай Федэрацыі. І едзе вугаль з Казахстана. Дык скажыце, калі ласка, што нам лепш: імпартаваць электраэнергію з Беларусі, з якой у нас няма вайны? Або цалкам забараніць імпарт з Беларусі, але везці антрацыт з Расійскай Федэрацыі? На нас хто напаў? З кім у нас агрэсія? ...Больш імпарту антрацытаў ідзе з Расійскай Федэрацыі, а цяпер з Казахстана. Я не ўпэўнены, якая больш дэмакратычная краіна: Беларусь ці Казахстан, — адзначыў адзін з сябраў камітэта.

"Гэта не палітыка Украіны"

 

Раней украінскі сацыёлаг і эксперт па камунікацыях Дзмітрый Грамакоў расказваў Еўрарадыё, што купля беларускай электраэнергіі — гэта не палітыка Украіны як дзяржавы. Рэч у тым, што кантракты на пастаўкі падпісаныя з прыватнымі структурамі. Праўда, гэта сталася магчымым праз палітыку неўмяшання МЗС Украіны.

— Наколькі мне вядома, усе кантракты былі падпісаныя прыватнымі структурамі, нашымі алігархамі. Працаваць з манапалістам ва Украіне часам не зусім выгадна. Гэта, хутчэй, інструмент унутранай барацьбы на рынку, чым дзяржаўная палітыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі