У ЗША арыштаваны спявак Джасцін Тымберлейк

18/06/2024 - 17:36

Джасцін Тымберлейк / gettyimages.at

У ЗША паліцыяй штата Нью-Ёрк за кіраванне ў нецвярозым стане арыштаваны вядомы амерыканскі спявак і акцёр, дзесяціразовы ўладальнік прэміі "Грэмі" Джасцін Тымберлейк. Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", неўзабаве яму выставяць афіцыйнае абвінавачванне.

Тымберлейка арыштавалі ў мястэчку Саг-Харбар на востраве Лонг-Айлэнд. Там праводзяць свой летні адпачынак некаторыя заможныя жыхары Нью-Ёрка. Паліцыя пакуль не распавядае, пры якіх менавіта абставінах быў арыштаваны спявак. У штаце Нью-Ёрк пакаранне за кіраванне ў нецвярозым стане прадугледжвае турэмнае зняволенне на тэрмін да года, штраф у памеры 1000 долараў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на тэрмін не менш за 6 месяцаў.

Летась у адным з інтэрв'ю Джасцін Тымберлейк прызнаўся, што ў яго кар'еры быў перыяд, калі ён злоўжываў алкаголем.

У бліжэйшы час 43-гадовы Тымберлейк збіраўся адправіцца ў сусветнае турнэ пасля выхаду яго 6-га альбома Everything I Thought It Was. У гэтыя выхадныя ён павінен быў даць два канцэрты ў Чыкага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі