У Зэльве могуць знесці помнік Ларысе Геніюш

01/03/2023 - 12:07
Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве / holiday.by

Вядомая гродзенская змагарка за "рускі свет" Вольга Бондарава нацэлілася на помнік паэтцы Ларысе Геніюш у Зэльве. Бондарава хоча знесці помнік, усталяваны на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы, піша Hrodna.life.

Помнік з'явіўся ў 2003 годзе. Устаноўку не ўзгаднілі з адміністрацыяй горада. Тым не менш на адкрыцці айцец Георгій (Субаткоўскі) адслужыў паніхіду, а сам помнік атрымаў благаславенне ад царквы.

Бондарава атрымала згоду на знос ад некалькіх чыноўнікаў — начальніка ўпраўлення па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігара Булаўкі і намесніцы старшыні Зэльвенскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце Галіны Раманчук.

Але трэба атрымаць яшчэ дазвол Праваслаўнай царквы, бо было блаславенне. Увосень 2022 года змагарка за "рускі свет" накіравала адпаведны зварот на імя мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна. Пра гэта яна напісала ў звароце да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенкі. Бондарава просіць даць ацэнку ўстаноўцы і дапамагчы ў ліквідацыі помніка "без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці".

Таксама яна звярнулася да генпракурора Андрэя Шведа з просьбай пакараць адказных за ўсталяванне помніка — мясцовыя і абласныя ўлады.

Бондарава заяўляе, быццам наяўнасць помніка Геніюш парушае закон "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму". і прыносіць "невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням германскіх канцлагераў".

Ларыса Геніюш (1910-1983) — беларуская паэтка, ураджэнка Заходняй Беларусі, ва ўрадзе БНР на эміграцыі займала пасаду генеральнага сакратара. Яшчэ да таго, як яе родныя мясціны трапілі ў СССР, Геніюш выехала за мяжу. Тым не менш, пасля вайны Чэхія выдала яе ў СССР, дзе Геніюш судзілі па абвінавачанні ў "здрадзе радзімы". Ёй прысудзілі 25 гадоў лагераў, з якіх яна адбыла восем гадоў. Пасмяротна была выдадзеная кніга яе ўспамінаў "Споведзь" (1990).

Геніюш была шчырай праваслаўнай верніцай і дапамагала мясцовай царкве.

Пракуратура тройчы адмаўлялася рэабілітаваць паэтку — у 1956, 1999 і ў 2017 гадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі