У Японіі павесілі кіраўнікоў секты "Аум Сінрыкё"

06/07/2018 - 07:17

У Японіі павесілі кіраўнікоў секты "Аум Сінрыкё", а сярод іх і яе заснавальніка Сёку Асахару (сапраўдныя імя і прозвішча — Цідзуо Мацумота). Пра гэта паведаміла міністр юстыцыі гэтай краіны Ёка Камікава на прэс-канферэнцыі ў Токіё. Паводле яе слоў, былі пакараны смерцю шэсць чалавек. Як інфармуе "Бі-Бі-Сі", яна назвала іх злачынствы страшэннымі і цяжкімі, якія шакіравалі не толькі японскае грамадства, але і ўвесь свет. "Такое не павінна адбыцца ў будучыні", — сказала міністр.

Самую гучную тэрарыстычную акцыю секта, якая існавала з 1987-га і мела афіцыйны статус рэлігійнай арганізацыі, правяла ў сакавіку 1995 года ў такійскім метро, дзе быў распылены атрутны газ зарын. Загінулі 13 чалавек, пацярпелі каля 6 тысяч. Вядома, што ў "Аум Сінрыкё" ("Вышэйшая ісціна") было да 50 тысяч удзельнікаў, значная іх частка знаходзілася ў Расіі. Удзельнікі секты меркавалі, што неўзабаве пачнецца трэцяя сусветная вайна і ўсе, акрамя іх, загінуць. Іх лідар лічыў сябе новым "месіяй".

Асахара быў арыштаваны яшчэ ў 1995 годзе. Некаторых яго паплечнікаў доўга шукалі, Кацуя Такахасі схапілі толькі ў 2012-м (ён атрымаў пажыццёвае зняволенне). На смяротнае пакаранне былі асуджаныя 13 чалавек. Сёння была павешаная першая група з іх.

Варта адзначыць, што мараторый на смяротнае пакаранне ў Японіі скончыўся ў 2010 годзе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі