У Wildberries абвяргаюць паскораныя тэмпы будаўніцтва склада пад Мінскам

05/08/2026 - 14:40

Лагістычны комплекс Wildberries пад Мінскам / прэс-служба Wildberries

У кампаніі Wildberries абвяргаюць звесткі, што будаўніцтва хаба ў індустрыяльным парку "Вялікі Камень" пад Мінскам адбываецца паскоранымі тэмпамі.

У прэс-службе расійскага маркетплэйса беларускаму выданню "Мінская праўда" заявілі, што працягваюць "сістэмна развіваць лагістычную інфраструктуру ва ўсіх краінах прысутнасці". Наконт тэмпаў у кампаніі кажуць, што "будаўніцтва складскіх аб'ектаў ідзе ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі", а звесткі пра паскоранае будаўніцтва ці магчымы перанос асноўных лагістычных магутнасцяў за межы Расіі "не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю".

Публікацыі такога кшталту, заяўляюць у Wildberries, "ствараюць лішні ажыятаж вакол працэсаў, якія знаходзяцца ў працоўным рэжыме".

Як паведамлялася раней, пра паскораныя тэмпы будаўніцтва склада пад Мінскам расказаў у каментары Беларускаму тэлебачанню першы намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі Камень" Кірыл Карацееў. Паводле яго, будаўніцтва ідзе з апераджэннем графіку, а першыя секцыі аб'екта ўжо нават уведзеныя ў эксплуатацыю.

У Расіі склады Wildberries апошнія тыдні сталі пастаяннымі аб'ектамі атак украінскіх дронаў. У выніку, як пісалі СМІ, кампанія шукае магчымасці перанесці хабы за межы РФ — у Беларусь, Казахстан і Узбекістан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі