У Вялікабрытаніі мяняецца ўлада — кансерватары прайгралі выбары ў парламент

05/07/2024 - 06:26

Кіраўнік Лейбарысцкай партыі сэр Кір Стармер / Reuters

Па выніках парламенцкіх выбараў у Вялікабрытаніі ўпэўнена перамагае апазіцыйная Лейбарысцкая партыя на чале з сэрам Кірам Стармерам. У апазіцыі яна знаходзілася апошнія 14 год. Ужо вядома, што лейбарысты перамаглі ў 331 выбарчай акрузе. Гэта значыць, што яны атрымліваюць большасць у 650-мясцовай палаце абшчын, піша ВВС. Згодна з экзіт-пулам у лейбарыстаў будзе 410 месцаў. Прэм'ер-міністр краіны Рышы Сунак пераабраўся, але ўжо прызнаў паражэнне сваёй партыі.

"Сёння перадача ўлады з рук у рукі пройдзе ў мірнай і ўпарадкаванай манеры, з добрай воляй з усіх бакоў. Гэта павінна даць нам усім упэўненасць у стабільнасці і будучыні нашай краіны", — заявіў ён. Сунак таксама адзначыў, што бярэ на сябе адказнасць за паражэнне.

ВВС адзначае, што за 14 гадоў ва ўладзе кансерватары адзначыліся зніжэннем узроўню жыцця насельніцтва (такога не было з 1950-х гадоў). Вінаватыя і жорсткая эканомія дзяржрасходаў, і пандэмія COVID, і — галоўнае — выхад з ЕС, які рэзка скараціў гандаль і інвестыцыі. У гэтых умовах апазіцыі аказалася дастаткова паабяцаць насельніцтву проста перамен. І іх падтрымалі. 

Гэтыя выбары былі датэрміновымі. Кансерватары маглі знаходзіцца ва ўладзе да студзеня 2025 года. Але Рышы Сунак вырашыў, што далей будзе горш, і насуперак парадам сваіх стратэгаў паўтара месяца таму аб'явіў выбары на 4 ліпеня.

Першае паседжанне новага парламента адбудзецца ў аўторак 9 ліпеня. На ім абяруць спікера, адбудзецца прысяга дэпутатаў. Праз тыдзень, 17 ліпеня, перад дэпутатамі выступіць кароль. Прамову для яго напіша ўжо новы ўрад.

Дададзім, что старшыня Лейбарысцкай партыі Кір Стармер у сакавіку 2023 год сустракаўся са Святланай Ціханоўскай, "выказаў сваё захапленне яе адвагай перад абліччам гвалту і прыгнёту" і падкрэсліў "цвёрдую прыхільнасць сваёй партыі свабоднай і дэмакратычнай Беларусі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі