Ёсць чатыры сцэнары пераходу
Канферэнцыя была арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай.
Таксама быў апублікаваны праект стратэгіі пераходу да Новай Беларусі для грамадскага абмеркавання.
Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў анансаваў адкрытыя публічныя слуханні ў рамках кансультацый па стратэгіі пераходнага перыяду, якія павінны адбыцца да лютага 2024 года.
Старшы дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі расказаў пра чатыры сцэнары пераходу да Новай Беларусі, а таксама пра інстытуцыйныя рэформы.
Ён паведаміў, што тэкст канцэпцыі прадугледжвае сістэмныя рэформы, якія дазволяць Беларусі прыйсці да ўстойлівай дэмакратыі, але не адказвае на пытанне, як менавіта прыйсці да перамогі.
Першы і найлепшы сцэнар пераходу да Новай Беларусі — перамены ў выніку перамоў. Паводле Дабравольскага, на платформе "Голас" гэты варыянт падтрымала больш за 800 тысяч беларусаў.
— Перамовы — універсальны інструмент, які забяспечвае ўстойлівасць. Мы павінны дамовіцца, як будуць ажыццяўляцца перамены, якія рэформы трэба праводзіць і якім чынам забяспечыць устойлівасць. Цяпер галоўная праблема ў тым, што пры гэтым варыянце няма гатоўнасці з іншага боку.
Другі варыянт, прапанаваны Дабравольскім, — гэта перамены ў выніку ўнутранага ціску. Хоць гэтага ціску цяпер няма, ён можа ў тых ці іншых абставінах пачацца і таксама прывесці да перамоў.
Трэці сцэнар прадугледжвае перамены пад вонкавым ціскам. Гэты варыянт разглядаецца ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну супраць Украіны і паразы Расіі з наступнай зменай рэжыму ў Беларусі.
І апошні варыянт — гэта паступовая трансфармацыя рэжыму.
Таксама Дабравольскі паведаміў, што неабходна правесці рэформу судова-прававой сістэмы, рэформу сістэмы праваахоўных органаў, мясцовага самакіравання, бюджэтную рэформу, а таксама рэформу дзяржаўнага кіравання.
У наступным блоку эканаміст Дзмітрый Крук расказаў, што будзе адбывацца з эканомікай Беларусі пасля змены рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут