У Тбілісі супраць мітынгу апазіцыі выкарысталі вадамёты

09/11/2020 - 05:29

Супраць акцыі апазіцыі ў Тбілісі ўлады выкарысталі вадамёты, перадае jam-news.net.

Вялікая акцыя пратэсту прайшла ў цэнтры грузінскай сталіцы 8 лістапада. Яе ўдзельнікі пратэстуюць супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў, якія прайшлі 31 кастрычніка. Апазіцыя патрабуе адстаўкі старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Тамар Жваніі: менавіта яе вінавацяць у фальсіфікацыі пры падліку галасоў. Таксама апазіцыянеры патрабуюць новых выбараў і вызвалення затрыманых па палітычных матывах.

Для адстаўкі Жваніі апазіцыя давала тэрмін да 22:00 8 лістапада. Калі ультыматум не быў выкананы, удзельнікі акцыі пратэсту пайшлі ад будынка парламента да ЦВК. Лідары апазіцыі заявілі, што не дазволяць нікому ўвайсці ў будынак ЦВК і застануцца там, пакуль ультыматум не будзе выкананы.

Удзельнікі акцыі спрабавалі прарвацца праз металічныя заслоны, некаторыя кідалі камяні ў паліцыянтаў. Неўзабаве паліцыя пачала разгон акцыі. Пры гэтым выкарыстоўваліся вадамёты. 

Былы спікер парламента Іраклій Кабахідзэ ацаніў агульную колькасць удзельнікаў акцыі ў сем тысяч чалавек. Да будынка ЦВК, па яго словах, прыйшло не больш за 2500 чалавек. 

Акцыю пратэсту ў Тбілісі разганялі вадамётамі / jam-news.net
Акцыю пратэсту ў Тбілісі разганялі вадамётамі / jam-news.net

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі