Школа, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У беларускіх школах з новага навучальнага года ўзмоцняць прапускны рэжым. У прыватнасці, будзе дазволены дагляд асабістых рэчаў вучняў без прысутнасці бацькоў.
Пра гэта ў эфіры "Радыё-Мінск" расказаў першы намеснік начальніка Маскоўскага аддзела Дэпартамента аховы Аляксандр Сях.
Новыя правілы ўводзяцца пастановай Саўміна №307 ад 19 чэрвеня 2026 года. Заяўляюць, што галоўная задача такога надгляду — не дапусціць, каб вучні праносілі ў школы небяспечныя і забароненыя прадметы. Пералік забароненых рэчаў (зброя, боепрыпасы, прадметы, прызначаныя для нанясення цялесных пашкоджанняў) будзе знаходзіцца на кожным дзяжурным пасце.
Права праводзіць дагляд атрымаюць міліцыянты, якія дзяжураць у школах, і ахова. Пры даглядзе непаўналетніх абавязкова павінен прысутнічаць прадстаўнік педагагічнага складу. А вось прысутнасць бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў дзіцяці цяпер не абавязковая.
Улады заяўляюць, што правяраць будуць не ўсіх вучняў на ўваходзе, а арыентавацца на інфармацыю ад педагогаў і класных кіраўнікоў.
Прычым пад праверку трапяць не толькі навучэнцы, а ўсе катэгорыі наведвальнікаў — у тым ліку людзі з вялікімі сумкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут