У Польшчы будзе суд за выкарыстанне рабскай працы беларусаў і украінцаў

08/04/2018 - 10:49

У Польшчы распачынаецца судовы працэс па справе аб выкарыстанні рабскай працы беларусаў і ўкраінцаў. Як вынікае з матэрыялаў справы, двое абвінавачаных ад ліпеня 2015 да кастрычніка 2016 года наймалі замежнікаў на працу ў грамадскім харчаванні ды ўтрымлівалі іх у цяжкіх умовах.

Барыс С. і Міраслаў К. — арганізатары злачыннай схемы — карысталіся крытычным фінансавым становішчам людзей, вербавалі іх у Беларусі і ва Украіне, а затым прывозілі іх у Польшчу, абяцаючы надзейную працу з высокай аплатай.

Замежнікі, не знаёмыя з польскім працоўным заканадаўствамі, былі вымушаныя працаваць ва ўстановах грамадскага харчавання ў Варшаве па 350 гадзінаў на месяц. Праз шматлікія “штрафы”, заробак яны атрымлівалі не своечасова і не ў поўным аб’ёме. Пры гэтым людзі баяліся звяртацца ў праваахоўныя органы, каб не страціць ужо заробленыя грошы.

На беларусаў і ўкраінцаў чынілі і псіхалагічны ціск. Некаторых прымушалі даваць распіскі аб атрыманні грошай у пазыку, чым яшчэ болей заганялі ў фінансавую залежнасць. Людзі жылі ў гатэлях для рабочых і на прыватных кватэрах на тэрыторыі Варшавы, арандаваных арганізатарамі злачыннай схемы. Жыллёвыя ўмовы ў гэтых памяшканнях следчыя назвалі “скандальнымі”. Акрамя таго, жыццё работнікаў было пад поўным кантролем гандляроў людзьмі.

Падазраваны, Барыс С., прызнаў цалкам віну і патлумачыў схему, паводле якой працавала арганізацыя. Ён пачаў працу ў рэстарацыі Міраслава К. у 2015 годзе спачатку як звычайны рабочы. Потым Міраслаў К. прапанаваў яму пасаду “наглядчыка” над іншымі рабочымі. Сам Міраслаў не прызнае віну.

Арганізатарам пагражае да 15 гадоў зняволення, паведамляе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі