У парламенце абмяркоўваюць новы бюджэт. Чаму так рана?

13/09/2016 - 13:02

13 верасня ў парламенце прайшло пашыранае паседжанне Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. Высокія чыноўнікі Мінэканомікі і Мінфіна каля гадзіны расказвалі дэпутатам, што і як у дакуменце, які будзе вызначаць наша жыццё на наступны год. Намеснік старшыні Камісіі, дэпутат Уладзіслаў Шчэпаў, гаворыць журналістам, што прагноз хутчэй песімістычны.

"Я б сказаў, што сцэнар хутчэй кансерватыўны і нават блізкі да песімістычнага. Плануецца кансерватыўны варыянт, каб не трэба было потым уразаць выдаткі. Гэта вельмі важна. Каб была стабільнасць фінансавання", — расказвае Шчэпаў.

Каб перадаць песімізм беларускага бюджэту на наступны год, можна агучыць некалькі лічбаў. Сусветная цана нафты — 35 долараў за барэль (у бюджэце на 2016 было 50 долараў), курс расійскага рубля — 75 за долар (было 63). На пытанне пра курс беларускага рубля дэпутаты адказаць не змаглі — гэта яшчэ не вядома нават папярэдне. Інфляцыю на наступны год прагназуюць у памеры 15-17% (сёлета 18%).

Агулам, калі коратка перадаць пасыл стваральнікаў праекта бюджэту Беларусі на 2017 год, то атрымаецца нешта накшталт "дрэннага нічога здарыцца не мусіць, але мы на ўсякі выпадак перастрахуемся". Як яшчэ іначай зразумець прагноз цаны нафты на 35 долараў за барэль, калі нават у расійскім бюджэце на наступны год яна складае 40 долараў?

Пакуль няма дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй пра цэны паліва. І прагнозаў аб курсе расійскага рубля. Альбо яны ёсць, але наколькі надзейныя? Таму, вядома, усё гэта накладае адбіткі і стварае валатыльнасць, то бок зменлівасць лічбаў, якія закладваюцца ў бюджэт

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня.

Цікава таксама, што бюджэт на наступны год вырашылі прымаць нават нягледзячы на тое, што яшчэ няма канкрэтных дамоўленасцяў з Расіяй пра цэны паліва — нафты і газу. Гэта прызнае дэпутат Валерый Барадзеня.

"Пакуль няма дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй пра цэны паліва. І прагнозаў аб курсе расійскага рубля. Альбо яны ёсць, але наколькі надзейныя? Таму, вядома, усё гэта накладае адбіткі і стварае валатыльнасць, то бок зменлівасць лічбаў, якія закладваюцца ў бюджэт", — гаворыць ён.

Дэпутаты тлумачаць, што бюджэт было б лепш прыняць да таго, як пачне працу новы склад парламента. "Старыя" дэпутаты, маўляў, лепш абазнаныя ў гэтым пытанні, працавалі з патрэбнымі дакументамі, удзельнічалі ў падрыхтоўцы праекта. Таму ўсё трэба паспець да 11 кастрычніка — менавіта ў гэты дзень афіцыйна пачнуць працаваць новаабраныя дэпутаты. У "старых" 15 верасня яшчэ будзе паседжанне камісіі, потым 21-га — так званае "нулявое чытанне" (абмеркаванне ўсімі дэпутатамі праекта бюджэту), а 3 кастрычніка адкрыецца апошняя сесія старога складу Палаты прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі