У палітвязня Рыгора Кастусёва пагоршылася здароўе ў СІЗА КДБ

12/10/2021 - 14:21
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё​

Палітвязень Рыгор Кастусёў адзначае, што ягонае здароўе пагоршылася за той час, пакуль ён знаходзіцца ў СІЗА КДБ, паведамляе Deutsche Welle.

"Доктар мне робіць абязбольвальныя ўколы, хоць лягчэй у гэтым плане. Хоць сплю начамі. За мінулы тыдзень толькі адну ноч былі прыступы, але з мачой пачала ісці кроў, заўважыў з чацвярга. Усё больш і больш, што гэта і чаму — пакуль невядома", — піша Кастусёў у сваім лісце да дачкі Кацярыны. Яна атрымала яго некалькі дзён таму.

У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні ягоным сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. У СІЗА ў Кастусёва ўзялі аналізы і правялі некалькі абследаванняў, але больш ніякіх дзеянняў не рабілі.

Па словах дачкі палітвязня, яе бацьку патрэбная аперацыя, пра што ідзе размова яшчэ з лета. Той факт, што вынікі аналізаў трымаюць у сакрэце, з'яўляецца парушэннем закона, мяркуе Кацярына.

Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, альбо ігнаруюцца. Як паведамляла Еўрарадыё, пад вартай лідар БНФ знаходзіцца ўжо паўгода, яго затрымалі па справе "аб замаху на Аляксандра Лукашэнку".

Фрагмент ліста Рыгора Кастусёва, які ён напісаў дачцэ Кацярыне / Deutsche Welle

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі