Марцін Басацкі / PAP
Польшча цэніць крокі, зробленыя Беларуссю апошнім часам, у тым ліку вызваленне палітвязняў і змяншэнне міграцыйнага ціску. Аднак для сапраўднага дыялогу ёсць умова, заявіў у каментары журналістам намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі.
"Канешне, надалей некалькі сотняў палітвязняў знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі. Мы пра гэта не забываемся, аднак каля 800 чалавек былі вызваленыя. І таксама адбылося вельмі значнае змяншэнне гібрыднага ціску на Польшчу і Еўропу на беларуска-польскай мяжы. Тут у гэтым годзе сапраўдны пералом", — цытуе словы дыпламата Беларуская служба Польскага радыё.
Басацкі адзначае, што атакі мігрантаў на мяжу не спыніліся цалкам, але складаюць некалькі адсоткаў ад узроўню папярэдніх чатырох-пяці гадоў. У выніку стала магчыма пачаць дыялог. Так ён пракаментаваў сустрэчу Сікорскага і Рыжанкова — кіраўнікоў МЗС Польшчы і Беларусі. Яны сустрэліся ў Нью-Ёрку падчас сесіі Генасамблеі ААН. Польскі міністр назваў гэтую размову "азнаямленчай".
"Мы, відавочна, хацелі б мець добрыя стасункі з усімі суседзямі, але каб так было, гэтыя суседзі не павінны быць агрэсіўнымі", — абазначыў Басацкі ўмову польскага боку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут