У Мінздароўя распавялі, чаму беларусам пакуль недаступныя Pfizer і AstraZeneca

04/10/2021 - 07:07
Поўны курс вакцынацыі на 1 кастрычніка прайшлі каля 17% беларусаў / БелТА

Вакцыны Pfizer і AstraZeneca прайграваюць расійскаму прэпарату "Спутник V" і па якасці, і па цане, заявіў у эфіры тэлеканала АНТ міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. А ў Беларусі стаіць задача бясплатна вакцынаваць усіх. Таму і быў зроблены выбар на карысць больш даступных "Спутник V" і кітайскага Sinopharm.

"Pfizer пакуль даражэй, чым існуючыя вакцыны, значна даражэй. Мы ставім сваёй мэтай бязплатную  вакцынацыю. З гэтага пункту гледжання, ацэнкі якасці і даступнасці, Pfizer не з'яўляецца прыярытэтам",  — заявіў Піневіч.

Тым не менш, ён не выключыў з'яўлення вакцын Pfizer і AstraZeneca ў будучыні. Але гэтыя прышчэпкі будуць ужо платнымі. Пытанне аб заходніх вакцынах паўстала яшчэ і таму, што "Спутник V" і Sinopharm не адобраны ў ЕС і шэрагу іншых краін. Гэта істотна ўскладняе паездкі ў гэтыя рэгіёны.

Чацвёртая хваля, якая прыйшла ў Беларусь, характарызуецца вялікай колькасцю цяжкіх пацыентаў, адзначаюць медыкі. А прышчэпка дазваляе, калі не пазбегнуць хваробы, то істотна палегчыць яе цячэнне.

"99,9% пацыентаў у кавідных аддзяленнях не прышчэплены. У аддзяленнях рэанімацыі – у тых установах, дзе я была – 100 % непрышчэпленых пацыентаў",казала ў эфіры СТБ першы намеснік Піневіча Алена Богдан.

Па яе словах, у чацвёртую хвалю павялічылася колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца на кіслародатэрапіі.

Багдан таксама распавяла, што ў Беларусі пачынаюць вакцынаваць цяжарных. Для гэтага ўхвалілі кітайскую вакцыну.

Поўны курс вакцынацыі на 1 кастрычніка ў Беларусі прайшлі больш за паўтара мільёна чалавек (каля 17%). Першую дозу атрымалі – каля 2,2 мільёнаў (крыху больш за 23%).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі