У Мінску праіндэксавалі чэкі “Жыллё"

17/12/2016 - 09:55

Імянныя прыватызацыйныя чэкі “Жыллё” праіндэксаваныя ў Мінску. Адпаведнае рашэнне ад 1 снежня 2016 года №3661 выдаў Мінгарвыканкам. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Індэкс росту кошту будаўніцтва жылля ў параўнанні з яго коштам на 31 снежня 1991 года для індэксацыі чэкаў “Жыллё” вызначаны ў памеры 17,729.

На сёння чэкі “Жыллё” могуць выкарыстоўваць тыя грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў — чэкі залічваюцца ў паявы ўнёсак у жыллёвым ці жыллёва-будаўнічым кааператыве, для фінансавання індывідуальнага або калектыўнага жыллёвага будаўніцтва, рэканструкцыі аднакватэрных, блакаваных жылых дамоў, далявога будаўніцтва, набыцця жылля, а таксама для пагашэння банкаўскіх крэдытаў, узятых на кватэру або дом.

Папярэдняе рашэнне Мінгарвыканкама наконт індэксацыі чэкаў было прынятае сёлета ў жніўні — тады іх індэкс складаў 13,464.

Індэкс росту кошту чэкаў “Жыллё” разлічваецца на падставе статыстыкі аб сярэднім кошце 1 квадратнага метра агульнай плошчы жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, у параўнанні з 1991 годам.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі