Увечары 29 снежня мінскіх ратавальнікаў выклікалі на вуліцу Казінца. Там на адкрытай пляцоўцы была знойдзеная іртуць.
Як інфармуе прэс-служба МНС, небяспечны метал быў у трох ёмістасцях — дзвюх разбітых і адной герметычна зачыненай. Агульная вага іртуці склала каля 10 кг.
Паведамляецца, што пацярпелых ад іртуці няма, забруджвання навакольнага асяроддзя не адбылося.
Ратавальнікі сабралі небяспечны метал, змясцілі яго ў спецыяльную ёмістасць і даставілі для далейшай ўтылізацыі.
Праверкай па гэтым факце займаецца РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска.