У Мінску могуць з'явіцца вуліцы Смоліча, Алоўнікава і Алеся Дудара

20/04/2018 - 10:59

У Мінску рыхтуецца зацвярджэнне назваў чатырох вуліц і двух паркаў сталіцы. Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і плошчаў Мінска прапанавала Мінскаму гарсавету свае варыянты назваў, перадае агенцтва "Мінск-Навіны".

Праектаванай вуліцы №5 у межах Партызанскага праспекта — вуліцы Куляшова — вуліцы Шышкіна прапаноўваюць даць імя памежніка, Героя Савецкага Саюза Яўгена Міроўскага

Праектаваную вуліцу №3 (ад вуліцы Янкі Лучыны да вуліцы Чыжэўскіх) прапануюць назваць імем беларускага навукоўца Аркадзя Смоліча, аўтара першага падручніка "Геаграфія Беларусі". 

Праектаванай вуліцы №5 (ад Ігуменскага тракту да вуліцы Чыжэўскіх) хочуць даць імя народнага артыста БССР, кампазітара, Ганаровага грамадзяніна Мінска Уладзіміра Алоўнікава

Праектаванай вуліцы №7 (ад Ігуменскага тракту да праектаванай вуліцы №3) мяркуецца надаць імя беларускага паэта, крытыка і перакладчыка Алеся Дудара, рэпрэсаванага ў сталінскія часы.

Парку ў межах вуліцы Даўгабродскай — завулка Казлова — Сляпянскай воднай сістэмы прапануецца надаць імя беларускага дзяржаўнага дзеяча Аляксандра Герасіменкі. А парк у межах вуліцы Пляханава — вуліцы Ванеева — вуліцы Райніса могуць назваць імем кіргізскага пісьменніка Чынгіза Айтматава.

Мінчукі могуць цягам двух тыдняў дасылаць свае прапановы наконт гэтых назваў у Галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама (220006, г. Мінск, вул. Маякоўскага, 22/2).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі