У Мінск прывязуць яшчэ двух пацярпелых падчас выбуху на "Магілёўдрэве"

26/09/2018 - 09:26

У Мінск прывязуць яшчэ двух пацярпелых падчас выбуху на "Магілёўдрэве". Апёкі цела ў іх дасягаюць 50%, інфармуе Радыё Свабода. У Міністэрстве аховы здароўя дапускаюць транспарціроўку ў сталіцу "некалькіх пацыентаў". Уначы ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі прывезлі 57-гадовую жанчыну, якая знаходзіцца ў цяжкім стане. У яе апёкі больш за 60% цела.

Выбух у фарбавальнай камеры лакафарбавальнага цэху "Магілёўдрэва" адбыўся ўвечары 25 верасня. Пасля яго ўзнік пажар. Пацярпелі 6 чалавек (як інфармуе тэлеканал "Беларусь 1", 5 з іх — жанчыны. Следчы камітэт удакладняе: тры мужчыны і тры жанчыны). Выбухам была разбураная сцяна цэха з сэндвіч-панэляў на плошчы 300 кв. метраў, выбітыя 6 аконных блокаў. Следчы камітэт праводзіць расследаванне. Як інфармуе tut.by, у сераду ў Магілёў прыехаў старшыня СК Іван Наскевіч (ён ачоліў спецкамісію).

Прычыны выбуху дагэтуль невядомыя.

Іван Наскевіч на месцы выбуху. Фота: Следчы камітэт

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі