У Малдове будуюць "Дом закусак" на месцы пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій

07/06/2019 - 09:59
Мемарыяльны камень, устаноўлены пасля 1990 года ў памяць аб ахвярах НКВД у Кішынёве ў перыяд з чэрвеня 1940 года да ліпеня 1941 года / ZdG​

Каля аднаго з рэстаранаў у цэнтры Кішынёва будуецца летняя тэраса, паведамляе Ziarul de Garda. Мантажныя работы праходзяць практычна на брацкай магіле, дзе спачываюць ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Інфармацыя пра дазволы на будаўніцтва, якую перадаюць журналістам улады, супярэчлівая.

Летнюю тэрасу будуюць каля рэстарана La Sarkiz на вуліцы Мацяевіча ў цэнтры Кішынёва. У 1940–1941 гадах тут размяшчаўся філіял НКВД. Ёсць архіўныя дакументы, якія пацвярджаюць, што на гэтым месцы знаходзіцца брацкая магіла з астанкамі 85 чалавек.

Раённыя ўлады малдаўскай сталіцы выдалі дазвол на правядзенне будаўнічых работ кампаніі Snack House ("Дом закусак" у перакладзе з англійскай). "Там ідуць работы па арганізацыі летняй тэрасы без капітальных работ i агароджаў, — сказаў ZdG кіраўнік адміністрацыі раёна Буюкань у Кішынёве Вадзім Брынзанюк, калі аб'ект не будзе адпавядаць нашым умовам, мы яго знясём", — запэўніў ён.

Пры гэтым іншая дзяржструктура — Агенцтва па інспектаванні і рэстаўрацыі помнікаў, заяўляе, што будаўніцтва парушае заканадаўства, звязанае з культурнай спадчынай і абаронай помнікаў.

У мемарыяльнага каменя, які прыбралі будаўнікі, няма статусу помніка, таму яго перанос нельга лічыць незаконным, растлумачыў ZdG Іон Штэфэніцэ, дырэктар Агенцтва па інспектаванні і рэстаўрацыі помнікаў Малдовы. Аднак мантажна-будаўнічыя работы праходзяць на ўчастку, які адносіцца да вялікага гарадскога парку "Валя Марылор", а гэты парк, у сваю чаргу, з'яўляецца нацыянальным гістарычным помнікам.

Трупы, эксгумаваныя ў галаўным офісе НКВД у Кішынёве / фатаграфія з кнігі "Basarabia desrobita" 1942 года

Менавіта гэты факт стаў падставай для судовага разбору. Агенцтва звярнулася ў суд у пачатку траўня і цяпер чакае разгляду справы. Калі суд вырашыць, што заказчык будавання тэрасы сапраўды парушыў закон, ён забароніць працяг будаўніцтва і можа абавязаць яго выплаціць штраф — 15 тысяч леяў (725 еўра).

"Па законе любыя работы на гэтай тэрыторыі павінны быць узгоднены з Нацыянальным саветам гістарычных помнікаў", — растлумачыў Іон Штэфэніцэ.

Аднак адміністратар ТАА "Snack House" Віталь Перчун запэўнівае журналістаў, што ў яго кампаніі ёсць усе дазволы для правядзення работ.

"Я не ўяўляю, як можна піць піва і есці марозіва на месцы, дзе катавалі і забілі дзясяткі людзей, — сказаў у каментарыі ZdG этнограф Юрые Швец,бо гаворка ідзе пра падзею, якая, па гістарычных мерках, адбылася ўчора — яшчэ жывыя людзі , якія яе памятаюць. Гэтае месца не для адпачынку, а для разважання і хвіліны маўчання".

Будаўніцтва летняй тэрасы на месцы пахавання ахвяр НКУС у Кішынёве

Год таму каля Мінска адкрыўся рэстаран "Паедзем паядзім". Ён знаходзіцца ў Курапатах, побач з месцам, дзе ў савецкія часы былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Праўда аб гэтай трагедыі стала вядомая толькі ў канцы 1980-х гадоў. У Курапатах быў створаны народны мемарыял, устаноўлены сотні крыжоў.

Адкрыццё рэстарана выклікала грамадскі рэзананс. Пратэсты супраць рэстарана "Паедзем паядзім" доўжацца ўжо год. Абаронцы Курапатаў мяркуюць, што забаўляльная ўстанова не павінна знаходзіцца каля месца масавых расстрэлаў.

Праўда, у беларускіх уладаў іншае меркаванне. Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, лічыць, што ў рэстаран могуць зайсці наведвальнікі Курапатаў, каб памянуць загінулых.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі