У Маладзечанскім раёне ў аварыю трапіла маршрутка

25/06/2024 - 07:11

Мікрааўтобус перакуліўся / t.me/minobl_uvd/

У аўторак каля 7-й гадзіны раніцы ў Маладзечанскім раёне ў аварыю трапіла маршрутка, якая ехала з Маладзечна ў Мінск. Здарэнне адбылося на 66-м кіламетры аўтадарогі Р-28.

Паводле папярэдняй афіцыйнай інфармацыі, 62-гадовы вадзіцель аўтамабіля Volkswagen Golf не справіўся з кіраваннем і выехаў на паласу сустрэчнага руху (сведкі ж меркавалі, што кіроўца легкавіка заснуў за рулём). Там і адбылося сутыкненне з маршруткай (сустрэчным мікрааўтобусам Mercedes). Ад удару мікрааўтобус перакуліўся.

Як паведамляе абласная міліцыя, дваіх пасажыраў маршрутнага таксі завезлі ў бальніцу для агляду, астатнім аказалі меддапамогу на месцы. Па іншых звестках, 5 чалавек накіравалі ў траўматалагічнае аддзяленне бальніцы ў Маладзечне. У іх траўмы лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасці. Тры чалавекі ад меддапамогі адмовіліся.

Маршруткі нярэдка трапляюць у ДТЗ. Папярэдні выпадак быў у нядзелю ў Шчучынскім раёне. Мікрааўтобус таксама перакуліўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі