У Лукашэнкі абмяркоўваюць новы план прымянення групоўкі войскаў Беларусі і Расіі

10/12/2020 - 09:07
Міністр абароны Віктар Хрэнін і начальнік Генштаба Узброеных Сіл Аляксандр Вальфовіч / @pul_1​

Перапрацаваны план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі абмяркоўваецца ў чацвер на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам абароны Віктарам Хрэніным і начальнікам Генштаба Узброеных Сіл Аляксандрам Вальфовічам.

"Нам трэба асучасніць, з улікам сітуацыі на заходніх межах і ў свеце наогул, матэрыялы і дакументы па ўжыванні гэтай групоўкі Узброеных Сіл",цытуе Лукашэнка Тэлеграм-канал "Пул першага".

Паводле яго слоў, ідзе нагнятанне абстаноўкі.

"Як бы мы тут ні заяўлялі, як бы нас ні закалыхвалі і кіраўніцтва ЗША, а цяпер і кіраўніцтва НАТА — кажуць, апраўдваючыся, што не, гэта мы проста трэніруемся так", — сказаў ён. Яго словы прыводзіць БЕЛТА.  

Але для нечага ж яны трэніруюцца, адзначыў Лукашэнка, таму беларускім уладам "супакойвацца нельга", нават калі ў іх за спінай "знаходзіцца сапраўды магутная армія, як кажуць, другая армія ў свеце".

Нагадаем, што рэгіянальная беларуска-расійская групоўка войскаў існуе з канца 1990-х гадоў. План прымянення групоўкі войскаў дзвюх краін, ухвалены ў лістападзе 2015, прадугледжвае сумесныя дзеянні ў рамках ваеннай інтэграцыі. У сакавіку 2017 года тагачасны міністр абароны Андрэй Раўкоў казаў, што ў склад рэгіянальнай групоўкі войскаў уваходзяць Узброеныя Сілы Беларусі і 1-я танкавая армія Заходняй вайсковай акругі Расіі.

У канцы жніўня 2020 года на хвалі абвастрэння сітуацыі ў краіне пасля выбараў Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным аб выкарыстанні сумеснай групоўкі войскаў у выпадку рэалізацыі ваеннай пагрозы на заходняй мяжы рэспублікі.

"Калі там тузануцца за межамі, трэба задзейнічаць сумесную групоўку Узброеных Сіл, асновай якой з'яўляецца беларускае войска. А расіяне нас павінны падтрымліваць і рухацца за намі", — казаў тады Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі