У Крамлі задаволеныя працай Міхаіла Бабіча на пасадзе амбасадара Расіі ў Мінску. Пра гэта ria.ru перадае са спасылкай на прэс-сакратара расійскага прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова.
Разам з тым магчымае далейшае прызначэнне Бабіча не анансуецца.
Нагадаем, што напрыканцы красавіка Уладзімір Пуцін адклікаў Бабіча з пасады амбасадара і прызначыў на ягонае месца чальца Савета Федэрацыі Дзмітрыя Мезенцава.
Адкліканне Бабіча з Мінска Пяскоў патлумачыў новым кадравым рашэннем Пуціна, "прынятым у адпаведнасці з мэтазгоднасцю". Дзейнасць Бабіча ў Беларусі ён ахарактарызаваў наступнай фразай: "Прапрацаваў нядоўга, але за непрацяглы тэрмін шмат было зроблена".
Прэс-сакратар расійскага прэзідэнта падкрэсліў, што адносіны паміж Беларуссю і Расіяй захоўваюць саюзніцкі характар.