У Кіеве завяршыў працу беларускі "Пункт нязломнасці"

09/03/2026 - 09:51

Беларускі пункт нязломнасці ў Кіеве / facebook.com/sustrecha

У нядзелю, 8 сакавіка, у Кіеве зачыніўся беларускі "Пункт нязломнасці", які валанцёры адчынілі амаль два месяцы таму. Пра гэта ў сацсетках паведаміла кіраўніца валанцёрскай ініцыятывы "Сустрэча" Алена Жаркевіч.

Паведамляецца, што за час дзейнасці намёта тут накармілі і сагрэлі сотні людзей.

Таксама Жаркевіч расказала, што тут беларусы шмат гаварылі з украінцамі пра Беларусь — пра змаганне, рэпрэсіі, людзей, вымушаных з'язджаць, і пра ўплыў Расіі.

"Але для мяне гэты пункт быў не толькі пра ежу і цяпло. Гэта было месца размоваў. Тут мы шмат гаварылі з украінцамі пра Беларусь. Пра тое, што Беларусь — гэта не рэжым. Хтосьці гэта ведаў. А хтосьці шчыра здзіўляўся, калі даведваўся, як сёння жыве наша краіна. Мы размаўлялі пра рэпрэсіі. Пра людзей, якія вымушаныя з’язджаць. Пра мігрантаў. Пра велізарны ўплыў Расіі на Беларусь. І пра тое, што беларусы, як могуць, працягваюць змагацца. Для мяне было вельмі важна, што ўкраінцы слухалі і хацелі разумець.

А яшчэ гэты намёт у чарговы раз даказаў мне адну простую рэч. Беларусы, калі трэба, умеюць быць разам. Умеюць арганізавацца. І не кідаюць адзін аднаго. Я не перастаю гэтым захапляцца", — напісала яна ў Фэйсбуку.

Жаркевіч падзякавала ўсім, хто дапамагаў "Пункту нязломнасці" і падтрымліваў валанцёраў:

"Дзякуй кожнаму, хто дапамагаў. Хто прыходзіў. Хто падтрымліваў словам, справай ці фінансамі. Дзякуючы вам гэтая маленькая палатка змагла зрабіць значна больш, чым я калісьці магла ўявіць. Пункт Незламнасці закрываецца. Але праца не спыняецца".

Гэта зімой ва ўмовах марозаў і расійскіх бамбаванняў намёты з "пунктамі нязломнасці" ратавалі ўкраінцаў: тут можна было выпіць цёплых напояў, перакусіць, сагрэцца, зарадзіць гаджэты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі