У Кіеў прыбыў Орбан, які блакаваў дапамогу ЕС Украіне

02/07/2024 - 08:29

Віктар Орбан і Уладзімір Зяленскі / Пресс-служба В.Орбана

У Кіеў з візітам прыбыў прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан, паведамляе Hromadske. Гэта ягоная першая паездка ва Украіну з пачатку поўнамаштабнага ўварвання.

"Віктар Орбан прыбыў у Кіеў сёння раніцай, каб абмеркаваць еўрапейскі мір з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім", — напісаў у сацсетцы Х прадстаўнік вугорскага ўрада Золтан Ковач. Hromadske адзначае, што Украіна і Венгрыя працавалі над арганізацыяй сустрэчы Зяленскага і Орбана некалькі месяцаў. Лідары краін бачыліся ў Аргенціне падчас інаўгурацыі прэзідэнта Хаўера Мілея. Зяленскі тады заявіў, што гаварыў з Орбанам пра дыялог паміж дзвюма краінамі і ўступленне Украіны ў ЕС.

Венгрыя займае асаблівую пазіцыю па канфлікце ва Украіне. Яна спрабавала блакаваць вылучэнне дапамогі ЕС Кіеву і ўвядзенне чарговых санкцый супраць Расіі, а таксама выступала супраць пачатку перамоваў аб уступленні Украіны ў ЕС. Падчас галасавання па гэтым пытанні Віктар Орбан выйшаў з залы. Пазней ён заявіў, што не хацеў "браць рашэнне на сумленне краіны", і што ў Венгрыі будзе яшчэ "75 магчымасцяў" заблакаваць уступленне Украіны ў Еўрасаюз.

Венгрыя падтрымлівае афіцыйныя кантакты з Масквой і Мінскам, які таксама знаходзіцца пад санкцыямі. У маі ў Беларусь з візітам прыязджаў кіраўнік венгерскага МЗС Петэр Сіярта. Нагадаем, ЕС не прызнаў вынікі прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ў Беларусі і асудзіў задушэнне пратэстаў. Еўрапейскія краіны ўстрымліваюцца ад публічных кантактаў з афіцыйным Мінскам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі