У Гомелі абвясцілі ў вышук будаўніка, якога абвінавачваюць у абразе амапаўца

06/07/2021 - 06:31
Судовы працэс па справе аб абразе начальніка гомельскага АМАП пачаўся 29 чэрвеня​ / pixabay.com

У Гомелі абвясцілі ў вышук мясцовага жыхара — фігуранта крымінальнай справы аб абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК РБ). Мужчыну клічуць Аляксандр Анопа, яму 56 гадоў. Крымінальную справу на яго завялі за публічную абразу начальніка гомельскага АМАП Міхаіла Дамарнацкага, паведамляе БелаПАН. Гаворка ідзе пра каментары ў телеграм-канале.

Справу Аляксандра Анопы пачалі разглядаць у судзе 29 чэрвеня. Начальнік АМАП на пасяджэнне не прыйшоў, але папрасіў спагнаць з абвінавачанага маральную шкоду ў 1.000 рублёў. На думку пракурора, пакінуты ў тэлеграм-канале "каментар супярэчыць усеагульнай маралі, ён абражае прадстаўніка ўлады, які знаходзіцца пад абаронай дзяржавы".

Анопа патлумачыў, што знаёмы з Дамарнацкім, мае да яго непрыязнае стаўленне, і таму выклікаў яго на паядынак, але той не адазваўся. Бок абвінавачвання прасіў прызначыць для мужчыны максімальны тэрмін пакарання — тры гады "хіміі".

"Я не думаю, што я такі жорсткі злачынец, каб мяне пасадзілі ў турму. Я думаю, што на свабодзе прынясу больш карысці ад працы. Мая праца — будаваць жыллё для людзей", — заявіў у апошнім слове Онопа. Пасля гэтага ён знік. Падчас судовага разбору Аляксандр Анопа знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі