У Ельскім раёне адбудуцца паўторныя выбары

19/02/2018 - 14:01

Цэнтральная выбарчая камісія апублікавала вынікі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы. 18 лютага былі абраныя 18110 дэпутатаў розных узроўняў.

Але ў адной акрузе выбары не адбыліся. У Ельскі раённы савет (Гомельская вобласць) па Савецкай акрузе №3 не быў абраны дэпутат. Гэтая акруга, як і іншыя ў Ельску, былі безальтэрнатыўнымі. Адзін кандыдат — адзін мандат.

У ЦВК паведамілі, што адзіны кандыдат, якога вылучыў працоўны калектыў, быў потым імі адкліканы. Пакуль гэта адзіная акруга, дзе пройдуць перавыбары.

Гэтым кандыдатам аказаўся Віталь Васілёнак, дырэктар Ельскай мэблевай фабрыкі.

"Наша Ніва" паведамляе, што кандыдат быў затрыманы сілавымі структурамі і цяпер знаходзіцца ў СІЗА.

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў прайшлі ў Беларусі 18 лютага. Перад гэтым улады забяспечылі рэкордную для падобных выбараў яўку на датэрміновым галасаванні — амаль 35%. Усяго па дадзеных ЦВК прагаласавала 77% выбаршчыкаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі