Увечары 14 лютага ў Чэрыкаўскім раёне каля вёскі Верамейкі машына хуткай меддапамогі на чыгуначным пераездзе сутыкнулася з дызель-цягніком "Магілёў — Крычаў". Як інфармуе прэс-служба міліцыі Магілёўскай вобласці, 54-гадовы кіроўца раённай бальніцы не саўладаў з кіраваннем службовага аўтамабіля і збіў слупкі агароджы чыгуначнага пераезда, пасля чаго здзейсніў вымушаны прыпынак на рэйках.
Прэс-служба ратавальнікаў дадае, што медыкі вярталіся з выкліку. Да сутыкнення з цягніком аўтамабіль паспелі пакінуць два фельдшары і кіроўца, яны не пацярпелі. "УАЗ" атрымаў значныя механічныя пашкоджанні. Былі пашкоджанні і ў лакаматыва цягніка. Тым не менш ён праз 30 хвілінаў працягнуў рух.
На кіроўцу “УАЗа” склалі адміністрацыйны пратакол. Па факце здарэння праводзіцца праверка.