У Брэсце ў наведвальнікаў кавярні LE’MAR здарылася масавае харчовае атручэнне

07/05/2024 - 07:39

Наведвальнікі выбралі страву, якая прапаноўвалася ў рамках фестывалю "Гастрафэст", ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Як мінімум 19 выпадкаў гастраэнтэрыту меркавана інфекцыйнага паходжання зарэгістравана ў наведвальнікаў брэсцкай кавярні LE’MAR. Пра гэта паведамляе рэсурс "Віртуальны Брэст". Усе наведвальнікі заказвалі сэт з чатырох страў, які ўстанова прапаноўвала ў рамках фестывалю "Гастрафэст". 12 з 19 чалавек знаходзяцца ў бальніцы, у інфекцыйных аддзяленнях. Астатнія на амбулаторным лячэнні ў паліклініках Брэста

Эпідэміёлагі ўзялі пробы страў. Праца кафэ прыпыненая, пачата эпідраследванне. Адзін з пацярпелых распавёў у сацсетках, што яго прааперавалі. Ён трапіў у бальніцу з вострым болем, і лекары западозрылі апендыцыт.

"Я не мог і падумаць, што справа ў атручванні. Пакуль я быў на аперацыйным стале, у маёй дзяўчыны таксама паднялася тэмпература. Да гэтага былі моманты дрэннага самаадчування, але яна думала, што гэта праз перажыванні і ранішні спорт. У абед 4-га траўня Насця выклікала мне хуткую, а ў 22:30 мяне ўжо аперавалі. 5-га мы пачалі чытаць і выявілі, што такіх, як мы, дзясяткі", — сцвярджае мужчына. Ён мае намер ісці ў суд і патрабаваць кампенсацыю.

Адзін з пацярпелых спрабаваў звязацца з адміністрацыяй кафэ / instagram.com/kirusha_rave

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі