У Беларусі знікае Мінгандлю, на яго базе ствараюць новае міністэрства

03/06/2016 - 15:44

У Беларусі знікае Мінгандлю, на яго базе ствараюць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Адпаведны ўказ № 188 у пятніцу, 3 чэрвеня, падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Ён мае назву "Аб органах антыманапольнага рэгулявання і гандлю".

Адзначаецца, што новае міністэрства будзе адзіным антыманапольным органам у нашай краіне. У яго склад перадаюць Дэпартамент цэнавай палітыкі Мінэканомікі, а таксама упраўленні антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю будзе супрацьдзейнічаць манапалістычнай дзейнасці, садзейнічаць развіццю канкурэнцыі на таварных рынках нашай краіны. Яно атрымае функцыі па рэгуляванні цэн і тарыфаў, па кантролю спажывецкага рынку, дзяржзакупак.

Пра тое, што Міністэрства гандлю зменіць назву, 5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў паведаміў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. Ён тады адзначыў, што новае міністэрства будзе сачыць, "каб не было дамінавання тых ці іншых суб'ектаў на таварных рынках у тых ці іншых рэгіёнах краіны".

Чаму ў Беларусі 24 міністэрствы, а ў Германіі — 14?

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі