У Беларусі стала на 100 тысяч выбаршчыкаў менш

14/06/2016 - 13:36

У Беларусі за чатыры гады стала амаль на сто тысяч выбаршчыкаў менш. Калі дакладней, то на 95 279 чалавек. Гэта вынікае з інфармацыі аб колькасці выбаршчыкаў па акругах, падрыхтаванай да кампаніі 2016 года.

Агулам сёлета на парламенцкіх выбарах змогуць прагаласаваць 6 997 127 чалавек. Пяць гадоў таму іх было 7 092 406. Права голасу маюць усе грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

 

У Гродне мінус 43 877 выбаршчыкаў

Пры гэтым змяншэнне колькасці выбаршчыкаў вельмі нераўнамернае. У лідарах адразу тры гродзенскія акругі. У Гродзенска-Кастрычніцкай №50 за пяць гадоў стала на 12 755 выбаршчыкаў менш, у Гродзенска-Ленінскай №52 — на 12 546, у Гродзенска-Цэнтральнай №51 — на 10 542 выбаршчыкі. У Занёманскай акрузе Гродна сёлета будзе на 8034 выбаршчыкі менш, чым чатыры гады таму. Агулам у абласным цэнтры з насельніцтвам каля 300 тысяч чалавек колькасць выбаршчыкаў за пяць апошніх гадоў скарацілася ажно на 43 877 чалавек. Неяк зашмат.

Акрамя Гродна ў лідарах па памяншэнні колькасці выбаршчыкаў — Орша. У Аршанска-Дняпроўскай выбарчай акрузе №26 змогуць прагаласаваць 59 246 чалавек. Гэта на 9769 чалавек менш, чым падчас парламенцкай кампаніі 2012 года.

Лагойск — плюс 11226

Цяпер пра пяць выбарчых акругаў, дзе за чатыры апошнія гады колькасць выбаршчыкаў павялічылася найбольш.

На першым месцы — прысталічны Лагойск. Нейкім цудам тут сёлета зможа прагаласаваць на 11 226 чалавек больш, чым падчас мінулых парламенцкіх выбараў. Другое месца — за гродзенскай сельскай акругай №53 (гэта крыху тлумачыць гродзенскую "дэмаграфічную катастрофу", хоць і не цалкам) — тут плюс 8570 чалавек. Трэцяя пазіцыя ў Заслаўя. Тут будзе выбарчая акруга №77 і на 8232 выбаршчыкі больш. Затым Крычаўская акруга (№83 і плюс 7131 чалавек) і Жодзінская (№64 і плюс 6958 выбаршчыкаў).

 

Мінск — мінус 4217 выбаршчыкаў

Бонусам крыху пра сталіцу. Сёлета ў Мінску будзе два дзясяткі выбарчых акругаў. Колькасць выбаршчыкаў у іх за чатыры гады змянілася вельмі па-рознаму, але калі скласці ўсе "плюсы" і "мінусы", то атрымаецца на 4217 чалавек менш, чым у 2012 годзе. Для двухмільённага горада амаль незаўважна. Хаця па ўсім відаць, што прыток людзей у сталіцу з правінцыі прыпыніўся.

 

Цікава, што згодна з дадзенымі Белстата, у апошнія гады колькасць насельніцтва ў Беларусі не памяншаецца, а паволі расце. Напрыклад, за першыя тры месяцы 2016 года прырост склаў 343 чалавекі.

Адкуль столькі "мінусаў" і "плюсаў", Еўрарадыё паспрабаваў расказаць сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік:

Колькасць выбаршчыкаў, якія ў нас былі на мінулых выбарах, прэзідэнцкіх, дзеліцца на 110 (колькасць выбарчых акругаў — Еўрарадыё), і атрымліваецца сярэдняя колькасць па акрузе. Закон дапускае плюс-мінус 10%. Потым ужо зыходзячы з гэтай лічбы аблвыканкамы наразаюць акругі, прапаноўваюць іх ЦВК... Чаму выбаршчыкаў меншае? Я не гатовы сказаць. Лічбы бяруцца па мінулых выбарах. Прычыны розныя могуць быць. Магчыма, наш Камітэт па статыстыцы лепш ведае. Колькасць выбаршчыкаў — гэта ж і дэмаграфія, нейкія, магчыма, папярэднія дэмаграфічныя фактары

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік

Еўрарадыё падлічыла, што калі колькасць выбаршчыкаў у Беларусі будзе зніжацца такім жа тэмпам, на 100 тысяч за чатырохгоддзе, то выбары можна праводзіць яшчэ 280 гадоў. Так што можна сказаць, што пакуль непакоіцца рана.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі