У Беларусі пачнуць дзейнічаць апеляцыйныя суды

17/02/2016 - 04:54

У беларускіх судах уводзіцца апеляцыйная вытворчасць у крымінальных справах замест касацыйнай. Як адзначае Радыё Свабода, апеляцыйная вытворчасць дае суду другой ступені значна большыя магчымасці пры разглядзе скаргі і змене ці адмене прысуду.

Раней суд другой інстанцыі не мог самастойна ацэньваць доказы і абставіны, а мусіў арыентавацца толькі на высновы суду першай інстанцыі. У выпадку нязгоды з папярэднім вердыктам ён мог цалкам адмяніць прысуд і накіраваць справу на новы разгляд. Цяпер яго паўнамоцтвы сталі шырэйшыя: апеляцыйны суд можа самастойна разглядаць і ацэньваць доказы і абставіны, якія выявіліся пасля вынясення прысуду судом першай інстанцыі.

Адпаведныя змены былі раней унесеныя ў заканадаўства і пачнуць дзейнічаць з 27 лютага 2016 года.

Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць такія змены станоўчымі, бо гэта сведчыць пра адміранне савецкай судовай сістэмы. Да таго ж з’явіцца магчымасць дадаваць новыя доказы па справе, якія могуць улічыць у судзе вышэйшай інстанцыі. Эксперт адзначае, што апеляцыйная судовая вытворчасць даўно практыкуецца ў краінах былога СССР, а ў Беларусь прыйшла толькі цяпер.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі