У Беларусі агучылі статыстыку па барацьбе з пратэстамі ў 2021 годзе

24/01/2022 - 16:53

Генпракуратура Беларусі агучыла статыстыку па барацьбе з пратэстамі ў 2021 годзе. Не хаваецца, што "значныя высілкі праваахоўнікаў былі накіраваны на супрацьдзеянне экстрэмісцкім праявам, а таксама стабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў краіне". Улады падкрэсліваюць, што масавыя пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020-га і гвалту сілавікоў удалося падавіць, а іх актыўных удзельнікаў пакараць. "У 2021 годзе акцыі пратэсту былі разавымі і нешматлікімі, у асноўным размяшчаліся пратэстныя сімволіка і атрыбутыка ў агульнадаступных месцах", — сведчыць Генпракуратура. Аднак яе ж афіцыйная статыстыка сведчыць, што супраціўленне не спыняецца.

Толькі за "незаконныя пратэсныя акцыі" пракуроры распачалі 523 крымінальныя справы, падтрымалі дзяржабвінавачванне па больш за 1200 крымінальных спраў "аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці", па якіх праходзіла больш за 1600 чалавек. Генпракуратура падкрэслівае, што нікога з іх не апраўдалі. Па пратэстах пракурораў для 28 чалавек было "узмоцнена пакаранне" (суды мала далі!).

Таксама органы пракуратуры накіравалі ў суды 300 заяваў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". 259 з іх ужо разгледжаны і задаволены. А яшчэ з ініцыятывы пракуратуры ў Беларусі абмежаваны доступ да 15 сайтаў, ініцыявана ліквідацыя "60 арганізацый дэструктыўнай скіраванасці".

Пра ўсё гэта генпракурор Андрэй Швед 24 студзеня дакладваў Аляксандру Лукашэнку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі