У Арменіі затрымлівалі беларуску, якую шукаў рэжым Лукашэнкі

02/09/2024 - 13:37

Дзіяна Маісеенка / facebook.com/ales.michalevic/

У Арменіі затрымлівалі беларуску Дзіяну Маісеенка, якую шукаў па палітычнай справе рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Раніцай 2 верасня яна перасякла грузінска-армянскую мяжу і яе адразу ж затрымалі, паведаміў юрыст Алесь Міхалевіч.

Маісеенка ў РБ інкрымінуюць артыкул "Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх", ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў. У дадзены момант яна знаходзіцца ў аддзеле паліцыі горада Наемберан. Судовае пасяджэнне будзе прызначана ў бліжэйшы час.

"Маё адвакацкае бюро ўжо падключылася да гэтага працэсу, — піша Міхалевіч. — Думаю, што нам удасца адстаяць правы Дзіяны і дамагчыся адмовы ў яе экстрадыцыі з Арменіі, паколькі міжнароднае права забараняе экстрадыцыю асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах, але патрэбная дапамога журналістаў і Офіса Ціханоўскай, які ўжо паінфармаваны".

Пазней стала вядома, што грамадзянка Беларусі ўжо на волі. Як паведаміў Алесь Міхалевіч, "па рашэнні Пракуратуры Арменіі вырашана не браць яе пад варту". На час разгляду экстрадыцыйнай справы Маісеенка абмежавалі выезд з краіны.

Сёлета экстрадыцыя з Арменіі ў Беларусь пагражала Яраславу Новікаву. На радзіме супраць хлопца распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад службы ў войску. Аднак яму ўдалося атрымаць у Арменіі статус уцекача (як і беларусу Максіму Вайткявічусу).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі