“Твітар” часова абмяжуе колькасць пастоў, якія можна прачытаць

02/07/2023 - 11:10
Упс! Больш ніякага скролінгу / pixabay

Twitter часова ўводзіць абмежаванні на колькасць твітаў, якія карыстачы могуць прачытаць у дзень, піша BBC.

Карыстальнікі без сіняй галачкі змогуць чытаць не больш 1000 пастоў у дзень. А новыя карыстальнікі без сіняй галачкі — да 500 пастоў у дзень. Калі галачка ў вас ёсць, цешцеся: вам даступныя да 10 тыс. пастоў у дзень.

Паводле слоў Ілана Маска, мера ўводзіцца для змагання з “экстрэмальным роўнем” збору дадзеных і маніпуляцый сістэмай. Што менавіта мелася на ўвазе, Маск не вытлумачыў.

Карыстальнікі былі незадаволены гэтай мерай. Праз некалькі гадзін пасля аб'яўлення пра абмежаванні Маск паджартаваў:

“Ты выходзіш з трансу і адкладаеш тэлефон, каб прабавіць час з сям'ёй і сябрамі”, — напісаў ён.

Зрэшты, некаторыя карыстачы ўбачылі за гэтым крокам больш, чым чыстае жаданне Маска паклапаціцца пра іх сацыяльнае жыццё. Некаторыя выказалі здагадку, што такім чынам Маск падштурхоўвае іх купіць “сінюю галачку”. А некаторыя лічаць, што ў будучыні Маск захоча спаганяць з іх плату за магчымасць прачытваць бясконцы лік паведамленняў.

Эксперт з BCS, брытанскай арганізацыі, што даследуе інфармацыйныя тэхналогіі, Адам Лявон Сміт назваў гэты крок “дзіўным” і звярнуў увагу, што такія абмежаванні паўплываюць на прыбыткі ад рэкламы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі