Трое палякаў напалі на маладую беларуску на веладарожцы ў Варшаве

29/06/2024 - 15:09

Веладарожка ў Варшаве / the-warsaw.com

Трое палякаў напалі на маладую беларуску на веладарожцы ў Варшаве. Гэта адбылося тыдзень таму, дзяўчына звярнулася ў паліцыю, а таксама вымушаная была пабываць у шпіталі, піша The Warsaw.

Ахвяру нападзення клічуць Каця. Яна нарадзілася ў Беларусі, ёй 29 год, 12 з якіх яна жыве ў Варшаве. Увечары ў нядзелю, 23 чэрвеня, яна ехала па веладарожцы ў раёне набярэжнай Віслы, паднімаючыся на круты ўчастак.

Здалёк яна ўбачыла на вяршыні мужчыну і дзвюх жанчын. Па меры набліжэння беларускі кампанія не перамяшчалася ўбок, а, наадварот, пачала займаць усю шырыню дарожкі.

Каці прыйшлося злезці з ровара і прасунуцца паміж людзьмі. Калі яна папрасіла іх пасунуцца, дык пачула ў адказ: "А што, ты такая тоўстая?" Сеўшы назад на ровар, дзяўчына павярнулася і паказала ім сярэдні палец.

Мужчына ўскочыў на свой веласіпед, хацеў дагнаць беларуску. Тая адразу спынілася, думаючы, што ў яе атрымаецца растлумачыць, што прычынілася для яе жэсту, але мужчына пачаў крычаць, а Каця, баючыся за сваю бяспеку, пачала здымаць яго на тэлефон.

“Ён крычаў, каб я сабе ў п***у засунула гэты тэлефон, — расказвае дзяўчына. — Увесь час я сядзела на ровары. Да мяне падбегла адна з жанчын і пачала выкручваць мне рукі, вырывала тэлефон. Мужчына схапіў мяне ззаду і пачаў душыць, паваліў мяне на зямлю”.

Дзяўчына клікала на дапамогу — побач праехала шмат аўтамабіляў, але ніхто не рэагаваў. Але ўрэшце адзін з кіроўцаў спыніўся. Жанчына, якая нападала, выкінула смартфон у кусты, і агрэсіўная кампанія ўцякла.

Каці ў выніку дапамаглі людзі, якія выйшлі з машыны. Быў выкліканы паліцэйскі патруль. Беларуска паехала дадому, а ўвечары пайшла ў аддзяленне паліцыі. На наступны дзень давялося пабываць у шпіталі — выявілася, што ў яе лёгкая траўма хрыбетніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі