"Трэнд нядобры": Турарбекава — пра стаўленне да беларусаў у Польшчы

17/06/2024 - 13:55

У Польшчы жывуць дзясяткі тысяч беларусаў / Unsplash

Дзве траціны палякаў у нядаўнім апытанні выказаліся супраць таго, каб пускаць у краіну мігрантаў, якія штурмуюць мяжу з беларускага боку. На фоне гэтага ў Польшчы працягваецца расследаванне "візавага скандалу", пад агульны грабянец пайшла і віза Poland.Buisness Harbour для айцішнікаў. Мала таго што яе адмянілі — польскі прэм'ер Дональд Туск у нядзелю напісаў, што ў тым ліку "дзякуючы" гэтым візам у краіну маглі трапіць беларускія і расійскія агенты.

Стаўленне ўладаў Польшчы і палякаў да беларусаў змяняецца ў горшы бок? Вось што ў эфіры Еўрарадыё пра гэта сказала экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава.

“Мне ўсё гэта бачыцца ў досыць песімістычным ключы. Я пакуль яшчэ не ведаю, як можна пераламіць гэтую сітуацыю, як трэба працаваць з польскай грамадскай думкай, з польскімі палітыкамі. Кантакт, здаецца, ёсць. Але польскія палітыкі — яны ж не нам падсправаздачныя, у іх свае выбарцы ёсць”.

Такія факты, як павелічэнне плыні мігрантаў, адзначае Турарбекава, настройваюць польскую грамадскую думку супраць Беларусі.

"Ну не будзе звычайны польскі грамадзянін займацца пошукам адрозненняў паміж рэжымам і простымі беларусамі. Польскае грамадства і так дастаткова талерантна да беларусаў ставіцца, але ўсе гэтыя факты скіраваныя ў першую чаргу на тое, каб выклікаць пачуццё страху і трывогі акурат у польскага выбаршчыка. Які будзе патрабаваць ад сваіх палітыкаў закрыць мяжу. Вось гэтым яно небяспечнае", — добавляет она.

Гэты трэнд, дадае экспертка, пакуль не пераадолены, і інструментаў у беларусаў не так шмат — у першую чаргу трэба заставацца бачнымі ў грамадскім полі.

"Але мы бачныя толькі для экспертаў. Насамрэч мы нябачныя для польскага грамадства ў цэлым. Беларусы ніколі не былі настолькі навідавоку, як украінцы, напрыклад, і ў дачыненні да беларусаў не рабілася такая шырокая праграма дапамогі. Але ў цэлым, вядома, трэнд нядобры, і гэта — у скарбонку таго, што нашым дэмакратычным сілам трэба ставіць у першую чаргу сваёй задачай адвакацыю беларусаў", — кажа Роза Турарбекава.

У беларусаў у Польшчы, як і ў іншых краінах, на думку эксперткі, асноўныя задачы — салідарнасць і актыўнасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі