“Сённяшні КДБ мог адмовіцца ад гэтых злачынстваў, а ён іх засакрэціў”

07/09/2017 - 08:51

Сённяшні КДБ мог адмовіцца ад гэтых злачынстваў: “што было тады, рабілі не мы”

Еўрарадыё: На вашу думку, атрыманы з Адміністрацыі прэзідэнта адказ — няведанне законаў ці спроба прыхаваць непажаданую інфармацыю?

Зміцер Дрозд: Хачу крыху распавесці гісторыю з’яўлення майго звароту. Калі памятаеце, 28 лютага быў круглы стол у рэдактара “СБ. Беларусь сегодня” Паўла Якубовіча, куды быў запрошаны намеснік старшыні КДБ Сергіенка. Для мяне гэта было як навальніца сярод яснага неба. Каб так раптоўна ў Беларусі загаварылі пра Курапаты, пра рэпрэсіі… Сергіенка сам назваў колькасць рэпрэсаваных, колькасць спраў, якія ў іх захоўваюцца. Я падумаў, што гэта адліга, што ў нашай краіне пачынаюцца перамены. Але атрыманы адказ з Адміністрацыі паказвае рэальны стан справаў. Ніхто да 2081 года справы з архіва КДБ перадаваць нікуды не збіраецца. І зноў жа скажу, што для мяне гэта дзіўна. Бо сённяшні КДБ мог адмовіцца ад гэтых злачынстваў, сказаць, што “мы новая дзяржава і новая структура, а тое, што было тады, — гэта не мы”. Часам кажуць, што ў КДБ Беларусі нейкія там нашчадкі тых катаў. Не, гэта зусім іншыя людзі, не звязаныя з тымі людзьмі ні ідэалогіяй, ні сем’ямі.

У той жа невялічкай Літве ўсе справы, якія прайшлі праз мясцовы КДБ, адкрытыя. Нават прыватныя справы супрацоўнікаў КДБ. Іх могуць праглядзець, сфатаграфаваць і гісторыкі, і сваякі, і следчыя. Я быў у гэтым архіве. Ніхто ў цябе нічога не пытаецца, прыходзіш і вывучаеш. І свет у Літве не абваліўся. Цяпер мы з Украіны вельмі шмат цікавай інфармацыі атрымліваем, якая адкрывае новыя перспектывы ў вывучэнні гісторыі Савецкага Саюза і рэпрэсіўнага перыяду. Ва Украіне таксама нічога адмоўнага ў сувязі з адкрыццём архіваў не адбылося. Таму ніякіх падставаў трымаць гэтыя архівы засакрэчанымі я не бачу.

Еўрарадыё: Калі ўжо так не жадаюць адкрываць нейкія дакументы, дык сказалі б, што яны знішчаныя, пагнілі там ці яшчэ што такое…

Зміцер Дрозд: Разумееце, ёсць даследчыкі, якія распавядаюць, што пэўныя справы знікаюць. Дзесяць гадоў таму вывучалі нейкую справу, вырашылі яе паглядзець яшчэ раз, а яна ўжо знішчаная. Натуральна, архіў КДБ — не тая структура, дзе можна проста браць і стосамі кідаць у вогнішча дакументы. Складаюцца акты аб спісанні, ёсць нейкія прычыны для гэтага. Але факт, што паступова гэтыя справы знішчаюцца.

Еўрарадыё: Пасля атрыманага адказу ці будзеце вы дамагацца адкрыцця архіваў?

Зміцер Дрозд: Мы будзем яшчэ кансультавацца з юрыстамі, але, на маю думку, ёсць закон, дзе дакладна прапісаны механізм перадачы дакументаў у адкрыты архіў. У закона верхавенства над любымі ўнутранымі інструкцыямі, пастановамі і гэтак далей. А калі так, то няхай суд пастанаўляе, каб унутраныя інструкцыі прывялі ў адпаведнасць заканадаўству.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі