Сяргей Далідовіч: Абяцаць медаль Пхёнчхана было б падманам. Але шанцы ёсць

31/01/2018 - 14:46

Славуты беларускі лыжнік, 44-гадовы Сяргей Далідовіч адпраўляецца ў паўднёвакарэйскі Пхёнчхан на чарговыя Алімпійскія гульні. Трапіць на сёмую па ліку Алімпіяду яму дапамагала літаральна ўся краіна. Пасля таго, як Федэрацыя лыжных гонак адлічыла спартсмена са зборнай і замяніла на расійскіх атлетаў, лыжнік вырашыў рыхтавацца да Гульняў самастойна, а грошы на трэніроўкі (каля 15 тысяч долараў) сабраў праз краўдфандынг. У выніку федэрацыя вярнула Сяргея ў склад зборнай, забяспечыла сродкамі для трэніровак і заявіла на Алімпіяду пад сімвалічным нумарам 7!

Як прайшла падрыхтоўка, куды былі патрачаныя сабраныя сродкі і на які вынік Сяргей Далідовіч разлічвае ў Пхёнчхане — пра гэта спартсмен расказаў у жывым эфіры Еўрарадыё.

Пападанне ў 20-ку мацнейшых на Алімпіядзе будзе для мяне суперпоспехам

 

Еўрарадыё: Пакуль не вырашылі, хто на цырымоніі адкрыцця Алімпіяды панясе сцяг. Калі вам давераць, вы гатовы?

Сяргей Далідовіч: Не адмоўлюся. Не дадуць — не расстроюся. На сваёй 7-й Алімпіядзе я ўжо гатовы несці. Дагэтуль, напэўна, быў негатовы. Нават на 6-й Алімпіядзе чамусьці яшчэ не было такога, што я магу пранесці. Цяпер я ўжо саспеў. Магчыма, узрост.

Еўрарадыё: Некаторыя спартсмены вераць у забабоны і баяцца несці сцяг, маўляў, пасля будуць кепскія вынікі...

Сяргей Далідовіч: Я такога не баюся! Заўсёды хочацца спадзявацца на лепшае, але, думаю, такога выступлення, як на Алімпіядзе ў Сочы, не будзе (3-е месца — заўв. Еўрарадыё). Буду старацца, як магу, прыкладу ўсе намаганні. Мне, у прынцыпе, і губляць няма чаго.

Еўрарадыё: Вы сабе ставіце план, якое месца заняць? Які вынік для вас будзе лічыцца поспехам?

Сяргей Далідовіч: Пападанне ў 20-ку мацнейшых на скіатлоне на 15 км будзе суперпоспехам. Для мяне гэта — нібыта я трапіў у Топ-6 у свае лепшыя гады. Калі адбяруся ў спрынтарскую эстафету, то там у мяне шанцы лепшыя. Трэба прабіцца ў фінал, а там ужо паглядзім. Зраблю такі прагноз, не ведаю, ці апраўдаецца, але я павінен скласці канкурэнцыю і заняць месца з 20-га па 30-е.

Еўрарадыё: Але, на жаль, вашы перадалімпійскія вынікі былі не вельмі аптымістычныя. Гледзячы на іх, цяжка сказаць, што Сяргей можа выстраліць у Пхёнчхане…

Сяргей Далідовіч: Розныя прычыны… Напрыклад, на апошняй гонцы (масстарт на 15 км) стартавала 100 чалавек. Мы былі ў сярэдзіне, калі ўжо і снег не такі… І фінішавалі ўсярэдзіне, абыграўшы палову ўдзельнікаў. Але гэта Кубак свету. На чэмпіянатах свету і Алімпіядзе выступае нашмат менш спартсменаў, ад краіны выстаўляюцца толькі чацвёра. Таму алімпійскія старты заўсёды спецыфічныя: не ўсе спраўляюцца з хваляваннем. Асабіста для мяне выступаць на чэмпіянаце свету і Алімпійскіх гульнях крыху прасцей, чым на этапах Кубка свету. Там у мяне былі лепшыя месцы — 43-е і 52-е, а на Гульнях я адчуваю, што нашы месцы з 20-га па 30-е. Ва ўсялякім выпадку, не бліжэй.

Еўрарадыё: То бок, гаворкі пра медалі няма…

Сяргей Далідовіч: Гэта было б смешна, і гэта быў бы падман. Але пакуль наперадзе гонка, шансы ёсць. Дарэчы, больш шансаў выйграць залаты медаль, чым у латарэю). У латарэю твае шанцы 1 да мільёна, а тут 1 да 80. Так што, глядзіце самі.

Можа так здарыцца, што бронзавы медаль Алімпіяды ў Сочы мне аддадуць у Пхёнчхане

 

Еўрарадыё: Калі збіраліся грошы праз краўдфандынг, вы адразу шчыра папярэджвалі, што на медаль не разлічваеце. Але ж былі і аптымістычныя ноткі з добрай тэндэнцыяй: кожную Алімпіяду вы выступалі лепш і лепш, ажно да бронзы на самых апошніх Гульнях.

Сяргей Далідовіч: Можа, дарэчы, так здарыцца, што акурат гэты медаль мне і аддадуць у Пхёнчхане. Пакуль яшчэ не вырашаныя ўсе юрыдычныя справы ў Міжнародным алімпійскім камітэце. Яшчэ ёсць апошняя інстанцыя — CAS (Спартыўны арбітражны суд у Лазане), якая разглядае справу дыскваліфікаваных расійскіх лыжнікаў. Сёння-заўтра павінна быць канчатковае рашэнне, і калі хлопцаў канчаткова забаняць, то тады ёсць верагоднасць, што медаль я атрымаю на Алімпіядзе ў Паўднёвай Карэі.

Еўрарадыё: Значыць, з Пхёнчхана вы ў кожным разе вернецеся з медалём!

Сяргей Далідовіч: Ну, вось яшчэ пару дзён, і нейкая яснасць будзе. Уся гэтая сітуацыя і мне, і, напэўна, балельшчыкам крыху надакучыла: нібыта медаль і ёсць, але ён такі, віртуальны.

Еўрарадыё: У выпадку, калі вам дадуць медаль, будзе ўзнагарода ад НАК ці ад Міністэрства спорту, што належыць прызёрам Алімпіяд?

Сяргей Далідовіч: Не ведаю, пабачым. Медаля няма, і размовы пра гэта няма таксама. Будзе медаль — пабачым.

За апошні год правяралі на допінг 4 разы. Заўсёды, калі здаеш допінг-пробу, да канца ніколі не ўпэўнены: чысты ты або не

 

Еўрарадыё: Кранулі тэму допінгу… Напярэдадні Алімпіяды колькі разоў вас правяралі на допінг?

Сяргей Далідовіч: За апошні год я па-за спаборніцтвамі тэставаўся чатыры разы. Апошні раз было літаральна на днях, 25 студзеня. І гэта было ініцыявана нашым Нацыянальным антыдопінгавым агенцтвам, таму што мы не былі ў Беларусі. І вось НАДА накіравала запыт у адмысловую арганізацыю, што займаецца заборам допінг-проб. Яны прыехалі да нас у Аўстрыю, і мы там здавалі. У нашай зборнай ёсць атлеты, якія ўваходзяць у міжнародны пул тэставанняў. Гэта чатыры чалавекі, у тым ліку, і я. Таму нас збольшага правяраюць па ініцыятыве Міжнароднай федэрацыі лыжных гонак. Усе астатнія нашы лыжнікі ўваходзяць у пул нацыянальнага тэставання, таму іх праверку ажыццяўляе НАДА. Але паколькі ў нас няма акрэдытаванай лабараторыі, то ўсе аналізы адпраўляюцца ў Варшаву, і гэта каштуе грошай. Напэўна, варта было б праводзіць і болей аналізаў, але гэта нятанна. Пратэставаць адну пробу каштуе каля 500 долараў.

Еўрарадыё: І як? Вы чысты?

Сяргей Далідовіч: Ужо пачулі б. Гэта ж такое, што разлятаецца хутка. Заўсёды, калі здаеш допінг-пробу, да канца ніколі не ўпэўнены: чысты ты або не. Колькі выпадкаў бывала, што людзі елі прадукты, што змяшчалі, напрыклад, кленбутэрол. Ці некаторыя вытворцы мяса кормяць жывёл прэпаратамі для нарошчвання масы, а пасля атлет трапляецца на гэтым. Таму калі здаеш допінг-пробу, пакуль на тваю старонку не прыйдзе паведамленне, што яна адмоўная, усё адно думаеш, што нешта можа быць.

Еўрарадыё: Спартсмены, якія прыходзяць да нас у студыю, заўсёды пры сабе маюць сваю бутэлечку з вадой, а вы з пустымі рукамі. Мы вас частуем сваёй вадой, вы не адмаўляецеся…

Сяргей Далідовіч: Ну што вы. Я вам веру. Веру ў лепшае, у чалавецтва. Натуральна, на Алімпіядзе я не буду нічога неправеранага піць.

Еўрарадыё: А ўвогуле, магчыма нешта падсыпаць спартсмену?

Сяргей Далідовіч: Натуральна, магчыма. Калі нехта паставіць такую мэту, то, натуральна, гэта можна зрабіць. Але гэта трэба быць такім нядобрым чалавекам… Гэта, напэўна, страшней, чым калі б спартсмен сам нешта прымаў. 

Падрыхтаваць пару лыж для гонкі каштуе каля 50 еўра. Давядзецца плаціць. Прасіць у Домрачавай сэрвісмэна не будзем

 

Еўрарадыё: Раней вы распавядалі пра тое, як тэхнічна мы адсталі ад іншых краін. Фіны прыязджаюць з цэлымі трэйлерамі, у якіх працуе каманда, што займаецца падрыхтоўкай лыж да стартаў. У нас дзядзька з чамаданчыкам змазак — вось табе і сэрвісмэн. На гэтай Алімпіядзе нешта зменіцца?

Сяргей Далідовіч: Натуральна, немагчыма цягацца з гэтымі краінамі, што прывозяць з сабой цэлыя грузавікі. На гэтыя Гульні з намі едуць адзін сэрвісмэн і два трэнеры, якія будуць яму дапамагаць, і мы будзем яму дапамагаць. Давядзецца яшчэ аддаваць частку грошай, што сабралі, на падрыхтоўку лыж. Вядучыя фірмы, што робяць змазкі, прыязджаюць на Алімпіяды і прапаноўваюць свае паслугі. Падрыхтаваць пару для гонкі ў іх каштуе каля 50 еўра. У прынцыпе, грошы невялікія. Давядзецца звяртацца яшчэ і да іх.

Еўрарадыё: А, напрыклад, падысці да Дар’і Домрачавай, у якой з Б’ёрндаленам здаровы трэйлер і крутыя сэрвісмэны, і папрасіць падрыхтаваць лыжы?

Сяргей Далідовіч: Ніколі не просім, не кааперуемся. Стараемся ўсё самі. У біятланістаў свая праца, у нас свая. Яны самі сабе ўсё робяць, мы самі сабе. Тым больш, усе гонкі будуць ісці паралельна, і ім будзе не да нас. Я думаю, справімся. Галоўнае, каб не было вялікіх тэмпературных перападаў.

Першая форма, што выдалі ў 1994 годзе, яна была такая, што я яе бабулі падараваў

 

Еўрарадыё: На 8-ю Алімпіяду не думалі замахнуцца?

Сяргей Далідовіч: Нееее! Ну што вы. Няма ўжо сіл. Ёсць такі японскі скакун з трампліна Нарыякі Касай. Ён сёлета едзе на 8-ю Алімпіяду! Ён наогул легенда, і я яго ўжо не даганю).

Еўрарадыё: Вы таксама легенда, асабліва з улікам таго, як прабіваліся на Алімпіяду. Пасля таго, як Федэрацыя адлічыла вас са зборнай, вы вырашылі рыхтавацца да Гульняў самастойна, а грошы, 30 тысяч рублёў, сабралі праз краўдфандынг. Пасля вас вярнулі ў склад зборнай і вы ўсе “народныя” грошы патраціць не паспелі…

Сяргей Далідовіч: Так, падключылася федэрацыя, знайшлі агульную мову, і цяпер усё нармальна. Таксама былі сродкі за кошт міжнароднай алімпійскай стыпендыі, якую атрымліваў адзін з нашых спартсменаў, Юра Астапенка. Палову замежных збораў я ад'ездзіў з ім у якасці спарынг-партнёра. Плюс дапамога федэрацыі. У выніку, з сабраных праз краўдфандынг грошай удалося зэканоміць каля 11 тысяч рублёў. Іх планую накіраваць на дабрачыннасць. Таксама выстаўлю на аўкцыён сувеніры са сваёй першай і апошняй Алімпіяд. Самы галоўны рарытэт — гэта акуляры з Лілехамера. Цяпер усім атлетам даюць тэлефоны, а тады давалі акуляры фірмы Ray Ban, што тады была спонсарам Гульняў. Акуляры ляжалі ў мяне 24 гады. Я абавязкова вазьму іх з сабой у Паўднёвую Карэю, будуць мне ў якасці талісмана. Магчыма, некаму пазней яны таксама прынясуць удачу. Таксама на сёлетняй Алімпіядзе ўсім спартсменам падораць эксклюзіўны тэлефон Samsung Galaxy Note 8. Такіх тэлефонаў з адмысловай алімпійскай афарбоўкай будзе выпушчана толькі 4 тысячы. Вось яго я таксама выстаўлю на аўкцыён. Я павінен аддзячыць людзей за іх дапамогу ў падрыхтоўцы да Алімпіяды.

Еўрарадыё: Вы знайшлі такія рарытэтныя акуляры 1994 года… А алімпійская форма ўсіх Гульняў, дзе вы ўдзельнічалі, захоўваецца?

Сяргей Далідовіч: Форма — не! Першая форма, што выдалі ў 1994 годзе, яна была такая, што я яе бабулі падараваў. Такая, не вельмі… 1994 год. Часы былі такія… Спецыяльна форму не шылі, выдалі, напэўна, тое, што было на складзе. Але форма была дабротная! Доўга-доўга яе бабуля насіла ў вёсцы і была шчаслівая)) Таму, на жаль, з першай Алімпіяды захаваліся толькі акуляры і фінская мельхіёравая сырарэзка, якой дома дагэтуль карыстаюся. У Нагана нам дарылі фотаапараты плёначныя — гэта ўжо даўно разабралі дзеці на запчасткі. 

Еўрарадыё: А як вы наогул прыйшлі ў спорт? Ці адразу сталі займацца лыжамі?

Сяргей Далідовіч: Неее! Я ж футбаліст. І дагэтуль я футбаліст) Раней, натуральна, балеў за мінскае “Дынама”. Памятаю, як яны сталі чэмпіёнамі СССР, памятаю поўныя стадыёны… Цяпер балею за “Барселону”. Там не столькі клуб, колькі харызма аднаго чалавека. Часам глядзіш, і балееш не за вынік, а за чалавека. Мне блізкі чалавек, які нясе пазітыў, не падае ад маленькага штуршка і не крывіцца ад болю.

Еўрарадыё: Чым будзеце займацца па завяршэнні кар’еры?

Сяргей Далідовіч: Шмат думаў пра гэта. Ужо і завязваў, але, як бачыце, зноў еду на Алімпіяду. Я веру, што лёс сам мяне накіруе. Такіх крокаў, як пасля Сочы, калі я напрасіўся на трэнерскую працу, рабіць не буду. Цяпер буду чакаць.

Еўрарадыё: Апошнім часам сярод спартсменаў стала папулярным ісці ў палітыку, у дэпутаты. Можа, і вам?

Сяргей Далідовіч: Наўрад ці! 99,9%, што не!

 

Расклад стартаў Сяргея Далідовіча:

У планах лыжніка — 4 гонкі. Але выйсці на старт можа 6 разоў. Усё будзе залежаць ад стану здароўя і сіл.

11 лютага — Скіатлон (15 км + 15 км)

16 лютага — Гонка свабодным стылем на 15 км

18 лютага — Эстафета 4*10 км

21 лютага — Камандны спрынт

 

Яшчэ два старты, на якіх можам убачыць Далідовіча:

13 лютага — Спрынт

24 лютага — Гонка на 50 км

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі