Суркоў пра перамовы з Волкерам: "Добрая сустрэча"

21/08/2017 - 17:39

Памочнік прэзідэнта Расіі Уладзіслаў Суркоў выказаў задавальненне сустрэчай са спецпрадстаўніком Дзярждэпу ЗША па Украіне Куртам Волкерам, перадае БЕЛТА. Іх сустрэча прайшла 21 жніўня ў Мінску. 

Па выніках перамоваў Суркоў паведаміў, што абмяркоўваліся адносіны Расіі і ЗША. Па яго словах, яны пагадзіліся, што цяперашняя сітуацыя на паўднёвым усходзе Украіны не задавальняе ні канфліктуючыя бакі, ні знешнія сілы, якія дапамагаюць урэгуляваць сітуацыю. 

"Дыскусія вялася ў тоне ўзаемнай павагі і зацікаўленасці, сумленна, сур'ёзна, без ілюзій і прадузятасці. Прыхільнасць мінскім пагадненням пад сумнеў не ставілася: абодва бакі прапанавалі свежыя ідэі і наватарскія падыходы па іх рэалізацыі", — паведаміў журналістам памочнік расійскага прэзідэнта.

Па яго словах, бакі дамовіліся працягнуць сумесную працу і вызначылі тэмы для наступнай сустрэчы. "Пагадзіліся з тым, што мірны працэс і на палітычным трэку, і ў сферы бяспекі можа і павінен ісці хутчэй", — паведаміў Суркоў.

Падсумоўваючы вынікі перамоваў з Волкерам расійскі прадстаўнік дадаў: "Добрая сустрэча".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі