Суд Ізраілевіча супраць "Новага часу" пачнецца 10 верасня

29/08/2018 - 15:00

Асноўнае судовае пасяджэнне паводле пазову бізнэсоўца Аркадзя Ізраілевіча супраць газеты "Новы час" прызначанае на 10 верасня, паведамляе Радыё "Свабода"

29 жніўня ў судзе Савецкага раёна адбылося першае, папярэдняе пасяджэнне па гэтай справе. Пасяджэнне завяршылася хутка, бо сам пазоўнік у суд не прыйшоў. Суд пастанавіў, што Ізраілевіч мусіць прысутнічаць на судзе і да 4 верасня абавязаны ўдакладніць патрабаванні ў пазове.

Адказчыкамі па пазове выступаюць рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб і журналіст Дзяніс Івашын.

Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд пазоў аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Ён патрабуе ад газеты 40 тысяч рублёў за "маральную шкоду". Яшчэ адну тысячу рублёў ён хоча атрымаць ад журналіста Дзяніса Івашына — аўтара расследавання пра пабудову рэстарана каля Курапатаў.

Па словах Ізраілевіча, з артыкулаў Івашына вынікае, што яго ТАА "ІВ" з'яўляецца бенефіцыярам будаўніцтва рэстарана "Поедем поедим" каля месца сталінскіх расстрэлаў у Курапатах. Бізнэсовец заяўляе, што не мае ніякага юрыдычнага дачынення да забаўляльнай установы, і патрабуе апублікаваць абвяржэнне і дамагаецца матэрыяльнай кампенсацыі.

Галоўная рэдактарка "Новага часу" Аксана Колб кажа, што спрабавала дамовіцца з пазоўнікам. "Мы сустракаліся ў мінулы чацвер, але пасля той сустрэчы стала зразумела, што нічога не атрымаецца, ён нават не лічыць для сябе годным прысутнічаць на паседжанні. Увогуле, як я ўбачыла, у яго даволі дзіўныя адносіны да СМІ ды іхнай ролі. Не буду далей пра гэта казаць, але мне ўжо тады стала зразумела, што нічога з прымірэннем не атрымаецца", — распавяла яна.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі