Стаў вядомы мінімальны парог балаў на сёлетнім ЦТ

16/03/2018 - 17:13

Міністэрства адукацыі вызначыла, якія адзнакі на сёлетнім цэнтралізаваным тэставанні будуць прыроўненыя да нездавальняючых. Гэтая інфармацыя абнародаваная на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Па вучэбным прадмеце "беларуская мова" або "руская мова" нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 9 балаў (уключна), для спецыяльнасцяў філалагічнага профілю — ад 0 да 24.

Нездавальняючымі па першым прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 19 балаў (уключна). Па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі ды замежных мовах (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) нездавальняючымі залічаць адзнакі ад 0 да 24 балаў (уключна).

Па другім прадмеце профільнага іспыту — матэматыка, фізіка, хімія, біялогія — нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 9 балаў; гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя (найноўшы час), геаграфія, замежныя мовы — ад 0 да 14 балаў.

Пры наборы ў ВНУ, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Дзяржаўнага памежнага камітэта, на ваенныя факультэты ВНУ, і ў ВНУ па групах спецыяльнасцяў "Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства", "Жывёлагадоўля. Рыбаводства. Пчалаводства", "Сельская будаўніцтва і ўладкаванне тэрыторый", "Меліярацыя і водная гаспадарка", "Аграінжынер" нездавальняючымі будуць лічыцца адзнакі ад 0 да 6 балаў (уключна) па беларускай або рускай мове, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі, грамадазнаўстве, геаграфіі, замежных мовах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі