Фота з канцэрта Макса Каржа / Vitrina.pl
Дакументальны фільм “Дзвіж” (Dvizh), прысвечаны фанатам беларускага спевака Макса Каржа, дадалі ў праграму ўплывовага польскага кінафестывалю дакументальнага кіно Millenium Docs Against Gravity (MDAG). А пасля фільм “знік” з праграмы фэсту.
Гэта журналісту Еўрарадыё распавяла ананімная крыніца. Яна патлумачыла, што арганізатары “спалохаліся магчымага скандалу — і знялі стужку з паказу”. Цяпер нібы стваральнікі фільма шукаюць іншыя пляцоўкі для яго прэм’еры.
“Дзвіж” распавядзе пра фанатаў Каржа з розных краін — беларуса, украінца і расіяніна — якія збіраюцца ехаць на варшаўскі канцэрт, які адбыўся 9 жніўня 2025 года.
Еўрарадыё звязалася з рэжысёрам праекта Аляксандрам Гарадко. Кінематаграфіст прызнаўся, што ў курсе сітуацыі, але пакуль ад дадатковых каментароў адмовіўся, патлумачыўшы занятасцю на здымках.
Крыніца Еўрарадыё з атачэння MDAG патлумачыла адмову палітычным пытаннем. Нібы дырэкцыя фестывалю спачатку пагадзілася узяць фільм у праграму, планавалася паказаць яго ў Варшаве і Уроцлаве.
А потым паглядзеўшы афіцыйны сайт спевака, дзе былі пазначаны тры канцэрты у Расіі, было вырашына фільм у праграму не браць. Магчыма, таму што фестываль займае акрэсленую праўкраінскую пазіцыю у вайне Расіі супраць Украіны, арганізатары вырашылі не нарывацца на скандал.
“Спалохаліся Каржа!”, — рэзюмавала крыніца.
Еўрарадыё звярнулася ў дырэкцыю MDAG за афіцыйным каментаром, але пакуль яго не атрымала. Калі мы яго атрымаем, то працягнем гісторыю.
Негледзячы на тое, што “Дзвіж” не пакажуць, у праграме MDAG фігуруе другі беларускі фільм — стужка “Мы не створаны для палітыкі” Волі Чайкоўскай, рэжысёркі і арганізатаркі кінафестывалю “Паўночнае ззянне”.
Праект распавядзе пра досвед беларускіх палітычных актывістак, у ліку якіх фігуруе лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская. Прэм’ера фільма адбылася мінулым лістападам на 29-м фестывалі "Цёмныя ночы" ў Таліне.
Леташні варшаўскі канцэрт беларускага музыкі Макса Каржа, на якім сабралося больш за 80 тысяч фанатаў з розных краін, адзначыўся шэрагам хуліганскіх выхадак. Маладзёны сутыкнуліся з аховай стадыёна PGE Naradowy, а адзін з украінцаў разгарнуў падчас выступу флаг Украінскай паўстанцкай арміі (УПА), сімволіка якой у Польшчы забаронена. Праз гэта ўсё польскія ўлады вырашылі дэпартаваць з краіны 63 затрыманых удзельнікаў канцэрту: 57 украінцаў і шэсць беларусаў. Большасць з іх выехала самастойна, кагосьці прымусова выслалі, а адзінкі з пацярпелых падалі апеляцыю на рашэнне ўладаў. Сам Корж не стаў наўпрост каментаваць скандал і ўпісвацца за фанатаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут