СМІ: На час чэмпіянату свету па футболе Расія і Беларусь рыхтуюць "план Б"

19/03/2018 - 06:49

Расія і Беларусь распрацоўваюць "план Б" на выпадак, калі да лета не ўдасца падпісаць і ратыфікаваць пагадненне паміж краінамі аб узаемным прызнанні візаў, піша расийская газета "КоммерсантЪ"

Улетку ў Расіі пройдзе чэмпіянат свету па футболе. Аднак грамадзяне трэціх краін цяпер не могуць праехаць з Беларусі ў Расію на аўтатранспарце. Таму мяркуецца ўвесці часовы рэжым дзеяння дамовы па ўзаемным прызнанні візаў. 

Паводле расійскіх СМІ, затрымка пры падпісанні такога пагаднення выкліканая тым, што афіцыйны Мінск хоча ўвязаць яго з дапрацоўкай дзеючага двухбаковага пагаднення аб рэадмісіі (высылцы нелегальных мігрантаў у тую краіну, з тэрыторыі якой яны прыбылі).

Таксама паведамляецца, што беларускі бок асцерагаецца, што замежнікі будуць атрымліваць расійскія візы для паездкі ў Беларусь, бо Расія мае нашмат больш візавых цэнтраў за мяжой. Такім чынам, Беларусь страціць частку паступленняў у бюджэт ад візавых збораў.

Нагадаем, што расійскае заканадаўства дазваляе ўезд грамадзян трэціх краін толькі праз міжнародныя пункты пропуску. Аднак на мяжы з Беларуссю такіх пунктаў няма. Апошнім часам Расія ўзмацніла кантроль на мяжы, спыняючы ўезд замежнікаў з тэрыторыі Беларусі. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі