Следчыя правялі чарговыя затрыманні па справе кампаніі Fenox Віталя Арбузава

16/02/2018 - 16:37

Следчыя затрымалі яшчэ двух чалавек па справе кампаніі Fenox Global Group Віталя Арбузава, паведамляе tut.by са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу Следчага камітэта Юлію Ганчарову.

Новых затрыманых падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры, і ў дапамозе ва ўхіленні ад падаткаў. Ім выставілі абвінавачанне па гэтых артыкулах і ўзялі іх пад варту.

Следства працягнула тэрмін утрымання пад вартай астатніх абвінавачаных. Агулам пад вартай знаходзяцца пяць чалавек.

Старшыню савета дырэктараў групы кампаній Fenox Global Group Віталя Арбузава затрымалі 12 красавіка 2017 года. Тады ж затрымалі і шэраг іншых "службовых асобаў беларускіх суб'ектаў гаспадарання".

Арбузава падазраюць у тым, штоз 2010 года ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, а таксама неправамерна атрымліваў ПДВ з бюджэту. У прыватнасці, як паведамляў КДК, падкантрольныя Арбузаву беларускія прадпрыемствы завышалі ў некалькі разоў кошт імпартаванай прадукцыі, што дазваляла ім павялічваць выдаткі і памяншаць падаткаабкладаную базу для выплаты падаткаў. Прадаючы ў Беларусі, Расіі, Украіне прадукцыю за наяўны разлік, яны афармлялі дакументы на экспарт тавараў па заніжаным кошце, што дазваляла не толькі заніжаць выручку, але і вяртаць з бюджэту ПДВ. 

У бюджэт пералічваўся толькі падаходны падатак і адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым кампанія дадаткова выплочвала сваім работнікам заробкі "ў канвертах" — ад 2000 рублёў.

Паводле звестак Следчага камітэта, сума нявыплачаных падаткаў дасягае каля 40 мільёнаў рублёў. Крымінальныя справы былі пачатыя за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і ўхіленне ад выплаты падаткаў.

У спісе самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі Арбузаў займаў 11-е месца. У холдынг Fenox уваходзяць Fenox Automative Сomponents (вытворчасць і распаўсюджванне аўтакампанентаў), Fenox Retail (сетка харчовых магазінаў Preston), Fenox Construction (інвестыцыі ў нерухомасць).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі